Рэжым Лукашэнкі пазбавіў БАЖ даменнага імя і пошты

"Гэта не першы выпадак даменнага рэйдарства з боку дзяржавы"

"Гэта не першы выпадак даменнага рэйдарства з боку дзяржавы" / pixabay.com

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пазбавіў Беларускую асацыяцыю журналістаў даменнага імя і пошты. Як піша baj.media, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце РБ 3 студзеня ажыцявіў рашэнне прыпыніць дэлегаванне даменнага імя Baj.by яго ўласніку, нібыта, "у сувязі з выяўленымі парушэннямі". БАЖ жа лічыць гэта грубейшым парушэннем права на ўласнасць і чарговым наступам на свабоду слова. Журналісцкая арганізацыя звяртаецца ў ICANN — Міжнародную карпарацыю па кіраванні даменнымі імёнамі.

Зараз пры адкрыцці сайта з'яўляецца тэкст: "Доступ да рэсурсу абмежаваны ў сувязі з выкананнем рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь...".

Раней ААЦ праз кампанію-рэгістратар ТАА "Адкрыты кантакт" накіроўваў уладальніку дамена паведамленне аб неабходнасці падаць дакументы з пацвярджэннем дакладнасці асабістых звестак. Кампанія спачатку прапанавала ўладальніку дамена даслаць скан пашпарту на электронную пошту, але праз некалькі дзён паведаміла, што ААЦ настойвае на асабістым візіце ўладальніка ў офіс. У адказ на гэта ўладальнік дамена (намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў) праінфармаваў "Адкрыты кантакт" пра тое, што інструкцыя аб парадку рэгістрацыі даменных імёнаў у інтэрнэце не прадугледжвае "асабістыя візіты" ў офіс рэгістратара (даменамі ў зоне.by могуць валодаць нават замежнікі), а ўсе запатрабаваныя рэгістратарам дакументы былі прадстаўленыя. Нягледзячы на гэта, ААЦ прыняў рашэнне пазбавіць БАЖ беларускага даменнага імя.

У БАЖ у пазбаўленні даменнага імя бачаць рабаўніцтва, парушэнне права на ўласнасць.

"Гэта не першы выпадак даменнага рэйдарства з боку дзяржавы ў дачыненні незалежных медыя, — кажа намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік інфармацыйнага аддзела Барыс Гарэцкі. — З упэўненасцю можна сказаць, што мець дамен у Беларусі цяпер проста небяспечна для любога бізнесу. І ніводная кампанія ці бізнес не застрахаваныя ад знішчэння праз адабранне дамену дзяржавай па надуманых прычынах. Байнэт дыскрэдытаваны і небяспечны не толькі для незалежных медыя, але і для любога бізнесу, які можа стаць наступным".

У БАЖ рыхтаваліся да такой сітуацыі, таму яшчэ летась пераехалі на новы міжнародны дамен Baj.media.

Рэжым Лукашэнкі пазбавіў БАЖ даменнага імя і пошты

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі