Рудкоўскі: Няма падставаў спадзявацца, што Папа прыедзе ў Беларусь

120413 Rudkouski_site.mp3

Еўрарадыё: Аляксандр Лукашэнка запрасіў Бенедыкта ХVІ прыехаць у Беларусь, падобную прапанову агучваў Тадэвуш Кандрусевіч. Ці магчыма, што Папа прыедзе ў нашую краіну? 

Пётр Рудкоўскі: Для каталіцкай царквы гэта прадмет надзеі і пакуль што не больш. Для беларускай улады, я мяркую, гэта прадмет рыторыкі і таксама нічога больш. Пакуль што няма рэальных падставаў спадзявацца, што Папа Рымскі прыедзе ў Беларусь.

Еўрарадыё: Але ці вернікі-каталікі ў Беларусі чакаюць гэтага візіту, незалежна ад палітычнай сітуацыі? 

Пётр Рудкоўскі: Гэта была б знакавая, станоўчая падзея як для вернікаў-каталікоў, так і для іншых хрысціянскіх канфесій. Думаю, таксама і для грамадзянскай супольнасці гэта было б важна. Гэта духоўная, маральная падтрымка. У сувязі з магчымым, гіпатэтычным прыездам Папы некаторыя ставяць пытанне наконт нейкай палітычнай падтрымкі ад гэтага прыезду. Да гэтага трэба паставіцца з дыстанцыяй. Калі б адбыўся гэты прыезд, то ён меў бы мінімальны палітычны складнік. 

Еўрарадыё: Але, напрыклад, ў 1980-я візіты Яна Паўла ІІ у Польшчу далі моцны імпульс, сталіся духоўнай падтрымкай для польскага і іншых еўрапейскіх народаў у змаганні супраць таталітарнага камуністычнага рэжыму. Ці мог бы Бенедыкт ХVІ зрабіць штосьці падобнае ў Беларусі? Вось на Кубе ён жа зрабіў некалькі даволі непрыемных палітычных заяваў у бок кіраўніцтва краіны.

Пётр Рудкоўскі: Прычым варта падкрэсліць, што гэта былі заявы маральнага характару. Зварот увагі на важнасць чалавечай свабоды, правоў чалавека — гэта маральныя заявы, не палітычныя. Цалкам магчыма, што падобныя матывы маглі б прагучаць і ў выпадку прыезду Бенедыкта ХVІ ў Беларусь. Што датычыцца пантыфікату Яна Паўла ІІ, я б сказаў, што гэта крыху іншы гістарычны кантэкст, іншая асоба. Немалаважна і тое, што ён быў выхадцам з Польшчы, якая была пад камуністычным ярмом. Таму псіхалагічны фактар таксама прысутнічаў, але не толькі. Гэта быў чалавек, вельмі добра абазнаны ў сацыяльных праблемах. Папа Рымскі таксама з’яўляецца чалавекам, і чалавечы фактар заўсёды мае свой уплыў. Сённяшняя сітуацыя іншая не толькі ў тым плане, што Папа Бенедыкт ХVІ паходзіць з Нямеччыны, мае іншы склад ментальнасці. Але таксама іншыя выклікі стаяць цяпер перад касцёлам, можа падобныя, але іншыя. Гэта нарастаючы пераслед хрысціянаў у розных кутках свету, асабліва ў Азіі і Афрыцы, гэта праблемы маральнага характару ў Еўропе, маральная і духоўная дэградацыя на Захадзе — гэта рэчы, якія абумоўліваюць спецыфіку сацыяльнага навучання Папы.

Еўрарадыё: Але, нягледзячы на тое, што зараз іншае займае Бенедыкта ХVІ, кіраўніцтва Беларусі робіць заявы, што маўляў, каталіцкая царква недапрацоўвае ў справе наладжвання адносінаў паміж Еўропай і Беларуссю. Ці мусіць, на вашую думку, Ватыкан стаць пасярэднікам?

Пётр Рудкоўскі: Ватыкан у Беларусі і каталіцкі касцёл у Беларусі — гэта цікавая тэма і цікавая сітуацыя, у якой апынуўся каталіцкі касцёл. Унутры краіны дэмакратычная супольнасць знаходзіцца ў апазіцыі і натуральным чынам інтуітыўна пазірае на каталіцкі касцёл як на магчымага пасярэдніка, або нават як на заангажаваны бок у адносінах з беларускім рэжымам. Але ў агульнаеўрапейскім кантэксце беларускі рэжым знаходзіцца ў апазіцыі, прычым у даволі некамфортнай апазіцыі да агульнаеўрапейскага істэблішмэнту. І таксама пазірае на каталіцкі касцёл як на магчымага медыятара. У абодвух выпадках каталіцкі касцёл успрымаецца ў першую чаргу як палітычны гулец — адносна нейтральны, але палітычны. У той час як каталіцкі касцёл хай сабе і мае апірышча ў Ватыкане як дзяржаве, але мае іншыя прыярытэты, чым быццё медыятарам паміж рознымі палітычнымі сіламі. Што праўда, пантыфікат Яна Паўла ІІ даў пэўныя перадумовы для такога разгляду Ватыкана і каталіцкага касцёла. Тым не менш, гэта пэўная памылка і тут не выпадае асабліва шмат чакаць, што для аднаго з тыпаў апазіцыі касцёл стане медыятарам. 

Еўрарадыё: У заявах беларускіх уладаў гучыць рыторыка гандлю, маўляў, мы шмат зрабілі для каталіцкага касцёлу, а ён недапрацоўвае. Ці насамрэч шмат зрабіла ўлада для каталіцкага касцёла?

Пётр Рудкоўскі: Калі сказаць, што ўлада прынамсі адкрыта не пераследуе каталіцкі касцёл — можа быць, гэта ўжо і многа, хто яго ведае. Ёсць, вядома, пэўныя пазітыўныя моманты, якія, калі зыходзіць з натуральнага права, з’яўляюцца лагічнымі. Напрыклад, даецца час для трансляцыі набажэнстваў па тэлебачанні ці па радыё, час ад часу адбываюцца спатканні на розным узроўні, свецкія канферэнцыі, на якія запрашаюцца каталікі ці наадварот. Пэўныя элементы неканфліктнага суіснавання ёсць. Але існуюць даволі складаныя праблемы з пабудовай касцёлаў, праблемы са святарамі-замежнымі грамадзянамі — гэта рэч сапраўды прыніжальная для каталіцкага касцёла, калі візу святару працягваюць на тры месяцы. Гэта складана назваць паспяховым пазітыўным супрацоўніцтвам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі