Румынія выдала Беларусі малдоўскую кардарку, якую шукалі з сакавіка 2015 года
Супрацоўнікі Інтэрпола правялі экстрадыцыю з Румыніі ў Беларусь грамадзянкі Малдовы, інфармуе прэс-служба МУС.
Жанчыну вінавацяць у крадзяжах шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі і неправамерным завалоданні камп'ютарнай інфармацыяй. Ёй пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле звестак праваахоўнікаў, з лютага па сакавік 2013 года жанчына разам з групай кардараў з Малдовы "зарабляла" ў Оршы, Гомелі ды Мінску. Зламыснікі ставілі на банкаматах схаваныя відэакамеры і скімеры, капіявалі інфармацыю з магнітных палос банкаўскіх картак і ПІН-коды да іх. Потым яны выраблялі фальшывыя карткі і з іх дапамогай здымалі грошы. Агульная сума крадзенага склала больш за 630 мільёнаў недэнамінаваных беларускіх рублёў.
Па звестках аператыўнікаў, потым жанчына хавалася на тэрыторыі Еўрасаюза. Яе шукалі па лініі Інтэрпола з сакавіка 2015 года. На пачатку студзеня 2019 года румынскія памежнікі затрымалі яе пры перасячэнні мяжы.
Генпракуратура і Следчы камітэт Беларусі накіравалі ў Румынію запыт з просьбай выдачы жанчыны, якую вінавацяць у здзяйсненні злачынстваў. У траўні румынскі бок задаволіў просьбу беларускіх праваахоўнікаў. Увесь гэты час затрыманая жанчына знаходзілася пад часовым арыштам.