Рымашэўскі: мяне валаклі ў міліцэйскі мікрааўтобус на вачах у дачкі
"20 хвілін таму мяне схапіілі людзі ў штацкім і на вачах у дзяцей, у маёй дачкі мяне павалаклі ў мікрааўтобус", — распавёў падрабязнасці свайго затрымання арганізатар мітынгу-канцэрта да Дня Волі Віталь Рымашэўскі ў каментары Еўрарадыё.
Людзі, якія затрымалі Рымашэўскага, не прадставіліся яму. У палітыка забралі мабільнік. Мікрааўтобус зрабіў некалькі кругоў па мікрараёне. Потым ім паступіў загад па рацыі, і Рымашэўскага зноў вярнулі да прапускнога пункту ў Кіеўскім скверы. "Да мяне падышоў іх начальнік у штацкім, які таксама не прадставіўся, і папрасіў мяне не правакаваць міліцыю. Што тое, што я здымаю людзей у штацкім, што я вяду стрымы — гэта з'яўляецца правакацыяй нібыта", — распавёў палітык.
Тое, што Змітра Дашкевіча і яго самога затрымлівалі на вачах у непаўналетніх дзяцей, Рымашэўскі назваў злачынствам. "Вы маглі нас затрымаць дзе заўгодна", — абурыўся ён.