Самыя чытаныя тэксты Еўрарадыё ў 2018 годзе
Гледачы на "Дажынках" у Мядзеле. Фота: Еўрарадыё
Еўрарадыё — інфармацыйны сайт, таму ў лідарах па прачытанні за год, у першую чаргу, навіны. А ў загалоўках самых чытаных навінаў — Лукашэнка, Пуцін, Мядзведзеў, Парашэнка, Домрачава, сэкс-вечарына свінгераў пад Мінскам, цэнавая змова на птушкафабрыках, бойка на будоўлі метро, здарэнні на беларуска-ўкраінскай мяжы, графік выходных у 2019 годзе і зноў Лукашэнка з Пуціным.
Усё гэта было, і ўсё гэта было важна і цікава. Але запомніцца год не навінамі, а гісторыямі — сур'ёзнымі і напаўжартоўнымі, шчаслівымі і трагічнымі. Мы вывучылі статыстыку і знайшлі самыя актуальныя гісторыі па версіі чытачоў сайта Еўрарадыё. Увогуле, гэты топ склалі вы самі!
Мікіта Бародка здаў матэматыку на 100 балаў і растлумачыў, чаму па рускай — 98
| 55,088 праглядаў
Інтэрв'ю з таленавітым мінскім абітурыентам. Рыхтуючыся да тэстаў, хлопец паспяваў гуляць з сябрамі, глядзець кіно і нават гуляць у кампутарныя гульні. Мы пагаварылі з ім і пераканаліся: Мікіта — не кібарг!
"Не хацелася легчы там усім разам". Як забівалі хлопца каля акадэміі авіяцыі
| 34,628 праглядаў
Забойства 21-гадовага Аляксея К. у Мінску ўзрушыла Беларусь. Хлопца ўдарылі нажом каля інтэрната Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі ў Чыжоўцы, ён памёр у лякарні. Загінулы не быў студэнтам — ён прыйшоў да інтэрната, каб пагаварыць з колішнім хлопцам сваёй дзяўчыны...
"Купіла труну і другі раз пахавала сына". У Пінску эксгумавалі цела Сашы Коржыча
| 34,334 прагляда
Стан спраў у беларускай арміі стаў для нас адной з галоўных тэм 2018 года. Мы два месяцы вялі анлайн з залы суда па "справе Коржыча" і пісалі пра іншыя падазроныя самагубствы ва ўзброеных сілах, даведваліся, хто ездзіць на BMW x5 з "вайсковымі" нумарамі за $75 тысяч, высветлілі, што на харчаванне салдат тэрміновай службы Міністэрства абароны выдаткоўвае усяго 6 рублёў за дзень. А самым чытаным па гэтай тэме стаўся тэкст пра тое, як маці Сашы Коржыча — 21-гадовага радавога з Пінска, знойдзенага павешаным у навучальным цэнтры ў Печах, — перажыла эксгумацыю і паўторныя пахаванне сына.
Цэнтр Мінска перакрылі аўтазакі — ніхто не ведае, чаму
| 33,624 прагляда
Вы ідзеце па вуліцы і раптам бачыце два аўтазакі, якія стаяць папярок дарогі. Усё нармальна, хлопчыкі і дзяўчынкі, гэта Мінск: не трэба хвалявацца, не збіраемся ў натоўп, не фатаграфуем, разыходзімся!
Пасол Украіны — пра маўчанне ўладаў Беларусі наконт падзей у Керчанскім праліве
| 24,383 прагляда
За год мы далі выказаць свае радасць і боль велізарнай колькасці людзей. Еўрарадыё правяло больш за 300 жывых уключэнняў са студыі, а да многіх суразмоўцаў нашы карэспандэнты ездзілі, часам, у самыя глухія куткі Беларусі. Да ўкраінскага амбасадара Ігара Кізіма далёка ездзіць не прыйшлося, ад нашай рэдакцыі да дыпламатычнага прадстаўніцтва Украіны — хвілін 20 пешшу. Каментар Ігара Юр'евіча аб узброеным канфлікце ў Керчанскім праліве стаў адным з самых чытэльных тэкстаў года на Еўрарадыё.
Як змянілася Беларусь за 8888 дзён Лукашэнкі
| 23,104 прагляда
19 лістапада 2018 года Еўрарадыё знайшло містычны збег лічбаў: са дня інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі прайшло 8888 дзён. Пасля нас пра гэта напісалі ўсе буйныя беларускія СМІ, ад "Нашай Нівы" да "Беларуси сегодня". А мы зрабілі кароткі тэкст пра тое, як Беларусь змянілася за гэтыя 24 гады, 3 месяцы і 29 дзён.
У Беларусі вырашылі забараніць фатаграфаваць міліцыянтаў. Да чаго гэта прывядзе?
| 21,862 прагляда
Калегія адвакатаў і грамадскі савет пры МУС прапанавалі Канстытуцыйнаму суду забараніць фатаграфаваць міліцыянтаў. А суд узяў і ўхваліў прапанову. Усё гэта, нібыта, для таго каб засцерагчы чалавека ад "уварвання ў яго прыватнае жыццё", а таксама каб пазбегнуць "парушэння права на асабістую таямніцу". Хаця якая асабістая таямніца можа быць у тым, як міліцыянт патрулюе вуліцы?
Вучняў выганяюць на пераменах у калідоры. Што адбываецца ў мінскіх школах?
| 20,100 праглядаў
У 2018 годзе мы шмат пісалі пра сістэму адукацыі. Адной з важных тэм сталі дзіўныя змены ў правілах цэнтралізаванага тэставання. Але былі і іншыя дзіўныя змены. Цытата са службовай перапіскі: "Дзеці павінны выходзіць з класаў у калідор і будуць на перапынках НЕ ў кабінетах. Усе настаўнікі распісаліся ў загадзе па школе і АБАВЯЗАНЫЯ яго выконваць. Разумею, што не ўсім спадабаецца, таму прашу вас пагутарыць з дзецьмі. Гэты ўказ і ўзнік у сувязі з іх бяспекай".
“Дарожны падатак” дазволяць аплачваць паэтапна і не за цэлы год
| 16,265 праглядаў
Дзіўная сітуацыя — адным з самых папулярных на Еўрарадыё у 2018 годзе стаў тэкст, створаны ў канцы 2017 года. Зрэшты, усё вытлумачальна: за мінулы год дарожны збор нікуды не знік, як і абурэнне беларусаў наконт яго. Хаця, здаецца, улады прыдумалі, як прымусіць аўтаўладальнікаў плаціць. Па-першае, дарожны збор плануюць "адвязваць" ад тэхагляду. А па-другое, людзям прапануюць аплачваць пошліну толькі за тыя месяцы, у якія яны плануюць ездзіць на сваім аўто.
14 гадоў пекла скончаныя. Мінчанка выкупіла пакой, на які збірала грошы талакой
| 15,683 прагляда
Паліна Калтовіч распавяла нам, як 14 гадоў цярпела жахлівую суседку, а потым змагалася за сваю частку кватэры з яе сваякамі. Гэта гісторыя са шчаслівым канцом: знайшліся людзі, якія дапамаглі дзяўчыне выкупіць кватэру, каб абзавесціся хай і маленькім, але ўжо на 100% сваім жыллём.
Калі пачнецца Трэцяя Сусветная вайна і што тады будзе з Беларуссю
| 18,317 праглядаў
У красавіку 2018 года гадзіннік Суднага дня паказваў без дзвюх хвілін поўнач. Яшчэ ні разу ў гісторыі людзі не былі так блізка да Трэцяй сусветнай вайны. Навіны пра выпрабаванні новых ракет чаргаваліся з артыкуламі пра тое, што браць з сабой у бамбасховішча. Мы вырашылі распытаць інтэлектуалаў пра тое, калі свет абрынецца ў хаас Трэцяй Сусветнай.
Як бацька з Гродна помсціць наркадылерам за сына
| 15,358 праглядаў
Алег Калінкоў жыве ў Гродне і працуе ў таварыстве абароны правоў спажыўцоў. У працоўны час гэта звычайны чалавек сярэдняга ўзросту, з амаль сівой галавой. Але пасля працы Алег, як супергерой з сусвету Marvel, выходзіць на барацьбу са злом, каб адпомсціць "барыгам" за сына, асуджанага па "наркатычным" артыкуле 328. Тэма велізарных тэрмінаў "за наркотыкі" стала у 2018 годзе адной з цэнтральных у Беларусі. Бацькі ў імкненні даказаць, што іх дзеці асуджаныя несправядліва, аб'ядналіся ў рух "Маці 328". Яны галадалі, праводзілі сустрэчы ў Адміністрацыі прэзідэнта, пікетавалі парламент. Але сваёй мэты — зменаў у Крымінальным кодэксе — так і не дамагліся.
Многія гісторыі, якія мы лічым важнымі, не патрапілі ў топ па прачытаннях. Але мы не хвалюемся праз гэта. Еўрарадыё працуе для кожнага, каму важныя сучаснасць і будучыня Беларусі. Сто чытачоў ці 100 тысяч — мы лічым, што працавалі не дарма, калі чалавек атрымаў патрэбную інфармацыю ці адчуў эмоцыі, якія зрабілі яго лепш. Чытайце і слухайце Еўрарадыё, глядзіце нашы жывыя эфіры ў сацсетках: Facebook, “ВКонтакте", “Одноклассники” — і на нашым Youtube-канале. Хутка пачнецца новы, 2019 год. І ў ім мы раскажам вам яшчэ шмат моцных гісторый!