“Санітарныя нормы — смешна. Гэта ж садавіна! Прыйшоў, памыў і з'еў”
Па версіі чыноўнікаў, фармат сезоннага гандлю страчвае актуальнасць, у крамах можна набыць тое ж лепшай якасці і танней.
"Выканаць санітарныя патрабаванні пры такой рэалізацыі тавараў складана, цэны ў палатках нярэдка вышэйшыя, чым у крамах, часам узнікаюць пытанні па якасці тавараў, ды і для прадаўца ніякіх побытавых умоваў не прадугледжана, — цытуе агенцтва "Мінск-навіны" словы намесніка старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Дамарацкага. — Да таго ж пункты продажу нярэдка размяшчаюцца каля дарогі, дзе выхлапы, пыл. Таму мы прынялі рашэнне згортваць такі гандаль. Новыя месцы пад вулічны продаж мы не рэалізуем (раней яны набываліся з аўкцыёну), дадзім магчымасць людзям дапрацаваць да канца перыяду арэнды, але далей падаўжаць не будзем".
Ці сапраўды прадаўцы гародніны і садавіны на вуліцах патрабуюць больш камфортных умоваў працы? Што вабіць пакупнікоў у такіх месцах? Выпраўляемся на вуліцы Мінска даведацца з першых вуснаў.
Кіёск, у якім гандлюе Наталля, стаіць на скрыжаванні Варанянскага і Авакяна. Тут прадаецца маладая бульба, чарэшня, персікі, бананы, нектарыны, памідоры, агуркі, цукаты. На выгляд свежае і прыгожае. Ажыятажу ля кіёска ў панядзелак у першай палове дня не заўважаецца, але раз-пораз пакупнікі падыходзяць.
"Я прывыкла працаваць на адкрытым паветры. Тут свабодна, таму я не іду працаваць у краму. Але калі закрыюць гэты гандаль, пайду, натуральна, — разважае Наталля (у сезон зарабляе да 700 рублёў). — Побач прадуктовая крама, дзе меншыя цэны, але тут тавар іншы, ён даражэйшы ў тым ліку таму, што лепшы. Я не стаю тут проста так, каб стаяць. Мы зарабляем, бо людзі да нас ідуць. Чалавек прабягае, захацелася яму банана, паўкіло чарэшняў — набыў і пайшоў".
Наталля лічыць закрыццё сезоннага гандлю ў кіёсках абсурдам. Мяркуе, што гаворка пра санітарныя нормы — гэта смешна. Маўляў, гэта ж садавіна!
"Прыйшоў, памыў і з'еў. Гэта ж не каўбаса, не мяса, — тлумачыць жанчына. — Скаргі? У нас свабодныя цэны, жанчыны некаторыя бегаюць па кіёсках і крамах і параўноўваюць. У гэтым і ёсць выбар. Наш пакупнік танны, але абы-які тавар браць не будзе. Але галоўнае, што набываць у кіёску зручна. Чалавек не паедзе па кілаграм клубніц на рынак — бо з коштам дарогі атрымаецца тое самае".
Да кіёска падыходзіць маладая жанчына з дачкой па бульбу:
"Проста набываць у кіёску — гэта камфортна, блізка ля дома: ідзеш, нешта ў краме не набыў — набыў тут. Бывае, едзеш з вазком — нешта і набудзеш. А санітарныя нормы — памыў і ўсё. Думаю, у краме яно не чысцейшае".
Спадарыня Ганна гаворыць, што вулічны гандаль садавіной і гароднінай — проста зручна:
"Я вунь зайшла ў краму побач па чарэшню — там яна каштуе 14 рублёў, а тут 8. Хоць тут даражэй у параўнанні з Еўраоптам, але зручней. Ідзеш — можна нешта набыць, каб не стаяць у чэргах".
Віктар набывае чарэшню і заўважае, што любіць пагаварыць з прадаўцом гародніны.
"Тут лепшая якасць тавараў. Гэта па-першае. Па-другое, прадавец растлумачыць, што персік спелы, смачны, яго можна браць. А зойдзеце ў нашу краму — дзе такога чакаць? Там дакранешся да тавару — дык на цябе так паглядзяць! Кіёскі варта пакінуць, але трэба, каб яны былі больш зручнымі для прадаўцоў, каб пры кепскім надвор'і ім таксама было камфортна".
Цікава, што ў польскай Варшаве вулічны гандаль гароднінай і садавіной магчымы толькі ў двух месцах. І гандляваць там можна ўсяго два разы на тыдзень, натуральна, маючы спецыяльны дазвол. Аднак гандлярам гэта нявыгадна, таму яны на свой страх і рызыку гандлююць у розных месцах, галоўнае — не перашкаджаць мінакам. У адваротным выпадку можна атрымаць штраф да 500 злотых. Гэтыя штрафы не спыняюць прадаўцоў садавіны і клубніц, бо пакупнікі заўсёды ёсць. А штрафы непараўнальныя з выручкай.