Саступкі Лукашэнку толькі ствараюць для яго пачуццё беспакаранасці — Ціханоўская
Аляксандр Лукашэнка з расійскім вайскоўцам у Беларусі, студзень 2023-га / president.gov.by
Лідарка беларускіх дэмсіл Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю пра тое, што Украіна летась магла прасіць ЕС не ўводзіць санкцыі супраць афіцыйнага Мінска. "Мы разумеем, што ўлады Украіны не хочуць правакаваць Лукашэнку, — піша яна. — Але калі з’яўляюцца думкі пра тое, што гэта яго спыніць, — яны памылковыя". Ціханоўская нагадвае, што год таму Аляксандр Лукашэнка абяцаў уладам Украіны, што з беларускай тэрыторыі не будзе нападу, але ён адбыўся.
"Лукашэнка ніколі не трымае слова і будзе рабіць тое, што скажа Расія, — працягвае Святлана Ціханоўская. — Ён не выпадкова апынуўся ў такой сітуацыі. Ён не закладнік і не ахвяра — ён абраў інтэграцыю з Расіяй яшчэ ў 90-х, калі пачаліся падпісанні дакументаў пра саюзную дзяржаву. Ягоная палітыка прывяла да пачатку вайны супраць Украіны, а таксама да пагрозы незалежнасці Беларусі. Яго саўдзел у вайне дазволіў адбыцца генацыду ў Бучы, Ірпені, Чарнігаўскай і Кіеўскай абласцях".
Ціханоўская перакананая, што саступкі Лукашэнку "ў разгар вайны толькі ствараюць для яго пачуццё беспакаранасці", і ён "упэўніваецца, што можа і далей праводзіць рэпрэсіі, забіваць людзей і дазваляць нападаць на Украіну з тэрыторыі Беларусі".
Святлана Ціханоўская нагадвае Кіеву, што "беларусы, пра чые інтарэсы сапраўды трэба думаць — гэта беларускія актывісты, добраахвотнікі і валанцёры, якія дапамагаюць Украіне і змагаюцца супраць Расіі", а таксама палітзняволеныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.