Сатанізм на службе ў дзяржпрапаганды: жэст "віктары" і праўда такі страшны?
Азаронак асуджае "віктары", а Лукашэнка яе паказвае / Еўрарадыё
"Учора [ў дзень пахавання рамана Бандарэнкі] ў Мінску быў апаганены праваслаўны храм. Тысячы людзей прыйшлі да Божай мясціны. Замест слоў пра Хрыста, замест ціхага малітоўнага маўчання і сузірання яны ўкінулі ўгору пальцы, паказаўшы адзін з самых старажытных паганскіх, сатанінскіх знакаў: вендэта — гэта значыць кроўная помста".
Так расказвае пра развітанне з Раманам Бандарэнкам, загінулым пасля затрымання на "Плошчы Перамен", вядучы СТБ Рыгор Азаронак. Гэтым разам размова ў яго праграме не пра "глыбінную дзяржаву", а пра значэнне знака "віктары", які сёння часта выкарыстоўваюць беларускія пратэстоўцы.
Далей Азаронак расказвае, што на бунты беларусаў "падбівае" архангел Дзянніца — "першы рэвалюцыянер", які цяпер вядомы як Сатана. Ён, па версіі прапагандыста, хоча "ўзяць рэванш". Далей — усё ў тым жа духу: пра багаборца Няўзорава і "ліберальную апазіцыю, якая ненавідзіць царкву і моліцца на групу Pussy Riot".
З якой метадычкі Азаронак узяў "сатанінскую" гісторыю знака "віктары" і наколькі гэта тэорыя абгрунтаваная?
Чаго начытаўся (або нагледзеўся) Азаронак?
Ва ўяўленні Кроўлі "віктары" — варыяцыя знака Апофіса і Тыфона (магутных істот у політэістычных рэлігіях). Хоць гэтая версія і не знайшла ніякіх пацвярджэнняў, тэма "сатанінскага" паходжання жэсту актыўна раскручваецца сярод канспіролагаў.
Яшчэ адна папулярная сярод канспіролагаў версія, да якой можа апеляваць Азаронак, заключаецца ў тым, што "віктары" з'яўляецца "знакам Бафамета" — паганскага боства, якое потым "перавандравала" ў лік дэманаў. Праўда, гэта тэорыя зняпраўджваецца хоць бы тым, што Бафамет трымае ўказальны і сярэдні пальцы разам. А на пляцоўках, дзе культывуецца такая інфармацыя, можна прачытаць, што акультныя значэнні маюць практычна любыя жэсты, ад "казы" да кулака.
Згадваючы вендэту, Азаронак увогуле абапіраецца на масавую культуру апошніх дзесяцігоддзяў. Знак V звязаў з вендэтай англійскі пісьменнік Алан Мур, па графічным рамане якога потым быў зняты фільм "V for Vendetta".
Адкуль папраўдзе пайшоў гэты жэст?
Самая распаўсюджаная легенда пра ўзнікненне жэсту "віктары" звязаная з перыядам Стагадовай вайны паміж Францыяй і Англіяй (1337–1453). Нібыта французы адсякалі ўзятым у палон англійскім лучнікам безыменны і ўказальны пальцы, каб тыя не маглі страляць. Падчас бітваў англічане паказвалі гэты жэст як сімвал таго, што іх яшчэ не ўзялі ў палон і яны могуць працягваць бой. Легенда прыгожая, аднак яе верагоднасць таксама не асабліва пацверджана.
У 1939-м французская газета Le Monde Quotidien апублікавала артыкул "V pour victoire" — "V для перамогі". Неўзабаве гэтую літару ўжо актыўна прапаноўвалі выкарыстоўваць як сімвал будучай перамогі над Германіяй. У 1941-м, ужо пасля мноства публікацый на гэту тэму ў газетах і заклікаў выкарыстоўваць V як сімвал, якія гучалі ў эфіры BBC, выкарыстаў яго і Уінстан Чэрчыль.
Цікава, што ў Вялікабрытаніі ў XX стагоддзі падобны жэст выкарыстоўвалі як абразу. Калі паказаць літару V, павярнуўшы далонь да суразмоўніка тыльным бокам, гэта будзе значыць нешта ў духу "адвалі".
Аднак у першую чаргу жэст замацаваўся менавіта як сімвал перамогі. Падчас вайны ў В'етнаме амерыканскія хіпі таксама пачалі выкарыстоўваць яго: там V ужо азначала першую літару ў назве краіны — Vietnam. Так жэст стаў яшчэ і сімвалам міру.
Сёння "віктары" актыўна выкарыстоўваюць не толькі беларускія пратэстоўцы. Ёсць здымкі з падобным жэстам ва Уладзіміра Зяленскага, Барака Абамы і нават Папы Рымскага Францыска. І ў Аляксандра Лукашэнкі — куды ж без яго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.