Савецкі лётчык, збіты ў Афганістане ў 1980-я, аказаўся жывы
Савецкі лётчык, збіты ў Афганістане ў 1980-я, аказаўся жывы. Пра гэта ria.ru паведаміў кіраўнік Саюза дэсантнікаў Расіі, Герой Савецкага саюза генерал-палкоўнік Валерый Вастроцін. Дагэтуль лётчыка лічылі зніклым без вестак. Некалькі дзесяцігоддзяў афіцэр жыве на чужыне, у Афганістане, яго прозвішча не называецца.
"Гэта вельмі дзіўна, — кажа генерал. — Цяпер патрэбная дапамога не толькі фінансавая, але і дапамога адміністрацыйная, дапамога грамадскіх арганізацый, дыпламатычная праца".
Пытанне з савецкім лётчыкам абмяркоўвалася з прадстаўнікамі Афганістана, але падрабязнасці не паведамляюцца.
Савецкія войскі знаходзіліся ў Афганістане ў 1979-1989 гадах. Практычна ўвесь гэты час ішла партызанская вайна. З 620 тысяч савецкіх вайскоўцаў, якія прайшлі Афганістан, загінулі 14453 чалавекі. За акрэслены перыяд былі збітыя 125 баявых самалётаў. Праз афганскую вайну прайшлі амаль 29 тысяч беларусаў, 771 чалавек загінуў.