Мінпрацы абвяргае высокую смяротнасць ветэранаў у траўні-чэрвені 2020-га
Міністэрства працы абвяргае звесткі пра наздвычайную смяротнасць ветэранаў у траўні-чэрвені 2020-га. Адмысловае тлумачэнне з'явілася на сайце ведамства.
Як распавядала Еўрарадыё, паводле звестак Мінпрацы на 1 траўня ў Беларусі налічвалася 4,7 тысячы ветэранаў, а на 1 ліпеня — 2639.
У Мінпрацы заявілі, што журналісты паблыталі "ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны" і "ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны". Ветэранаў, як заяўляюць у ведамстве, на 1 ліпеня ў Беларусі было 4469 чалавек, а ўдзельнікаў — 2639. Між тым, на сайце ведамства па-ранейшаму пазначана, што менавіта ветэранаў у Беларусі налічваецца 2639 чалавек.
Мінпрацы тлумачыць, чаму ветэранай вайны больш, чым удзельнікаў:
"Чаму ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны больш, чым удзельнікаў.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб ветэранах", да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны адносяцца:
— інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны (якія непасрэдна бралі ўдзел у баявых дзеяннях);
— асобы, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фармаванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах;
— узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную вайсковую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны;
— людзі, якія працавалі на аб'ектах супрацьпаветранай абароны, мясцовай супрацьпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб'ектаў у межах тылавых межаў дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог;
— людзі, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 г.па 27 студзеня 1944 г. і ўзнагароджаныя медалём "За абарону Ленінграда", узнагароджаныя знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда".
У 2020-м годзе, паводле Мінпрацы, статыстыка па ветэранах выглядае так:
01.01.2020 — пражывала 5217 ветэранаў;
01.04.2020 — 4806 ветэранаў;
01.05.2020 — 4694 ветэранаў;
01.07.2020 — 4469 ветэранаў.
За студзень-чэрвень 2019 г. колькасць ветэранаў у Беларусі скарацілася на 890 чалавек (у тым ліку за красавік-чэрвень — на 295). А за студзень-чэрвень 2020-га — на 748 чалавек (у тым ліку за красавік-чэрвень — на 337).
Завяршаецца зварот не прабачэннямі ад чыноўнікаў, якія даюць няправільныя звесткі, а абвінавачаннямі журналістаў і блогераў, якія нібыта "спекулююць на тэме ветэранаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.