Шэсць пытанняў пра рэферэндум у Брытаніі, адказы на якія трэба ведаць беларусам

Шэсць пытанняў пра рэферэндум у Брытаніі, адказы на якія трэба ведаць беларусам

Што такое рэферэндум аб выхадзе з ЕС?

Насельніцтва Вялікабрытаніі будзе вырашаць, ці застанецца каралеўства ў Еўрасаюзе. Пройдзе рэферэндум у чацвер, 23 чэрвеня 2016 года, у Вялікабрытаніі і Гібралтары.

У бюлетэні ставіцца наступнае пытанне:

Злучанаму Каралеўству трэба застацца чальцом Еўрапейскага саюза або пакінуць Еўрапейскі саюз? (Should the United Kingdom remain a member of the European Union or leave the European Union?)

І магчымыя адказы:

— Застацца чальцом Еўрапейскага саюза (Remain a member of the European Union)

— Пакінуць Еўрапейскі саюз (Leave the European Union)

Шэсць пытанняў пра рэферэндум у Брытаніі, адказы на якія трэба ведаць беларусам

Хто зможа галасаваць?

Грамадзяне Вялікабрытаніі, Ірландыі і краінаў Садружнасці, якія легальна жывуць на тэрыторыі каралеўства, а таксама брытанскія падданыя, якія жывуць за мяжой не больш за 15 гадоў. У адрозненне ад усеагульных выбараў, у галасаванні таксама змогуць узяць удзел прадстаўнікі палаты лордаў, а таксама грамадзяне Садружнасці, якія пражываюць у Гібралтары.

Што кажуць грамадскія апытанні?

Усе апытанні паказваюць прыблізна аднолькавую колькасць прыхільнікаў і праціўнікаў выхаду Брытаніі з ЕС, розніца складае менш за 3%.

Перадгісторыя

Уваход у Еўрапейскі саюз быў спрэчным пытаннем у Вялікабрытаніі з самага моманту далучэння краіны да тагачаснай Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС) у 1973 годзе.

У студзені 2013 года прэм’ер Дэвід Кэмеран паабяцаў, што калі кансерватары перамогуць на парламенцкіх выбарах 2015 года, урад Вялікабрытаніі правядзе перамовы аб больш выгадных умовах брытанскага членства ў ЕС, а затым і рэферэндум аб самім членстве. Кансерватары перамаглі, і Кэмеран пацвердзіў рашэнне аб правядзенні гэтых палітычных крокаў. Пытанне аб рэферэндуме нават было ўключанае ў прамову каралевы на цырымоніі адкрыцця новага складу парламента ў траўні 2015 года. 28 траўня 2015 года прапанова аб правядзенні рэферэндуму была ўнесеная ў Палату абшчын.

Уплыў рэферэндуму

Напярэдадні рэферэндуму пачалі расці асцярогі інвестараў, што паўплывала на зніжэнне цэн на нафту, падзенне курсаў еўра і фунта.

Шэсць пытанняў пра рэферэндум у Брытаніі, адказы на якія трэба ведаць беларусам
Фота: telegraph.co.uk

Магчымыя наступствы выхаду каралеўства з ЕС

Калі брытанцы ўсё ж прагаласуюць за выхад з Еўрасаюза, аналітыкі схіляюцца да меркавання, што эканоміку краіны чакаюць некалькі шляхоў развіцця:

— Вялікабрытанія можа цалкам разарваць свае адносіны з ЕС і спадзявацца толькі на правілы Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

— Злучанае Каралеўства можа пайсці па швейцарскім шляху ўзаемадзеяння з ЕС. Альпійская канфедэрацыя не ўваходзіць ні ў ЕС, ні ў ЕЭЗ і падпісвае дамовы з Бруселем па кожным асобным сектары эканомікі.

— Яшчэ адным варыянтам можа стаць магчымасць Вялікабрытаніі паспрабаваць падпісаць усёабдымную дамоўленасць аб свабодным гандлі з ЕС, але з гарантыямі доступу фінансавага сектара эканомікі да еўрапейскага рынку, з магчымасцю пэўнага кантролю над фармуляваннем і выкананнем агульных гандлёвых правілаў.

 — Нарвежскі варыянт: Вялікабрытанія выходзіць са складу ЕС і далучаецца да Еўрапейскай эканамічнай зоны, што забяспечыць ёй доступ да адзінага еўрапейскага рынку, за выключэннем часткі фінансавага сектара эканомікі. Гэта таксама вызваліць Брытанію ад правілаў ЕС датычных сельскай гаспадаркі, рыбалоўства, права і ўнутраных спраў.

— Магчымы і турэцкі варыянт развіцця падзеяў. Злучанае каралеўства можа ўвайсці ў мытны саюз з ЕС, што дасць яе прамысловасці свабодны доступ да еўрапейскага рынку, але фінансавы сектар такога доступу не атрымае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі