Школьнік са Слуцка стварыў самы хуткі інтэрнэт-пратакол і смартфон будучыні

Школьнік са Слуцка стварыў самы хуткі інтэрнэт-пратакол і смартфон будучыні

Вучань слуцкай школы №11 Уладзіслаў Гадалаў атрымаў дыплом ІІІ ступені і ўзнагароду ў тысячу долараў на міжнародным навукова-інжынерным конкурсе Intel ISEF у Лос-Анжэлесе. Яго праца "AirPhone ― смартфон новага пакалення" таксама адзначаная карпарацыяй Oracle, якая ўручыла беларускаму вундэркінду яшчэ пяць тысяч долараў.


Еўрарадыё спытала ва Уладзіслава, у чым фішка яго смартфона і на што ён патраціць узнагароду.

Уладзіслаў Гадалаў: Смартфонам маю прыладу назваць складана. Яе фішка ― вельмі вялікі функцыянал. Ён можа фактычна граць ролю ўсіх прыладаў, якімі мы карыстаемся кожны дзень ― планшэта, камп'ютара, прыстаўкі. Для рэалізацыі задумы мне трэба было стварыць праграмнае забеспячэнне, якое будзе перадатчыкам паміж аir-фонам і аддаленым серверам. Яно называецца пратаколам аддаленага ўпраўлення. Мне ўдалося яго зрабіць самым хуткім у свеце, што дало магчымасць рэалізаваць падобную прыладу. Усе пратаколы аддаленага ўпраўлення, якія існуюць у свеце, дазваляюць працаваць у хуткім стацыянарным інтэрнэце. А мабільны інтэрнэт адрозніваецца нізкай хуткасцю. Таму для рэалізацыі гэтага прадукта мне трэба было стварыць самы хуткі ў свеце пратакол, які зможа працаваць пры нізкім інтэрнэт-злучэнні. Калі я яго праектаваў, зрабіў у корпусе максімальна вялікі акумулятар, які займае 60% унутранай прасторы. У выніку атрымалася інавацыйная прылада, якая пашырае магчымасці смартфона і яго час працы ў некалькі разоў. То бок, каб вам павялічыць магчымасці свайго смартфона, цяпер не трэба ісці ў краму за новым, а трэба залезці ў настройкі і павялічыць віртуальную прастору. Да таго ж, ён можа быць выгадным недарагім камерцыйным прадуктам, які рэальна запусціць у продаж.

Еўрарадыё: Хто вам дапамагаў у працы над праектам?

Уладзіслаў Гадалаў: Рэалізацыя прадукта і ідэя ― мае. Але дапамагаў выкладчык Уладзімір Жук, калі пытанні тычыліся арганізацыйнай альбо тэхналагічнай часткі. Часам даваў тэарэтычны матэрыял па алгарытмізацыі, каб гэты пратакол, пра які я казаў вышэй, зрабіць хутчэй.

Еўрарадыё: У класе, у якім вы вучыцеся, многія займаюцца падобнымі даследаваннямі?

Уладзіслаў Гадалаў: Я вучуся ў звычайнай сярэдняй школе з добрым выкладчыцкім складам і добрым настаўнікам інфарматыкі. Мяне таксама акружаюць людзі кшталту намесніка дырэктара ПВТ, якія прасоўваюць беларускую навуку. Я пачаў займацца гэтым у восьмым класе. У мяне шэсць міжнародных узнагарод.

Еўрарадыё: Грашыма, якія вы атрымалі ў якасці ўзнагароды, будзеце дзяліцца з настаўнікам інфарматыкі?

Уладзіслаў Гадалаў: Правакацыйнае пытанне. Выкладчыкі атрымліваюць прэміі ад дзяржавы. Грошы патрачу на праект і на яго будучую рэалізацыю.

Еўрарадыё: У будучыні плануеце працаваць у камандзе?

Уладзіслаў Гадалаў: Натуральна. Гэты праект я рабіў сам, бо ў маім горадзе складана знайсці таварышаў, якія б маглі рабіць тое, што я хачу. А так, ніводзін нармальны праект не рэалізуецца ў адзіночку.

Еўрарадыё: Што апроч інфарматыкі і навукі вас цікавіць?

Уладзіслаў Гадалаў: Я восем гадоў прафесійна займаўся плаваннем, некалькі разоў быў чэмпіёнам вобласці па ратаванні на вадзе, гуляю ў шахматы, пляту бісерам. Люблю класічную музыку, Штраўса і Шапэна.

Еўрарадыё: Як ставяцца да вас аднакласнікі ― як да зоркі ці як да батаніка?

Уладзіслаў Гадалаў: Думаю, што нармальна. Я стараюся з усімі падтрымліваць сяброўскія адносіны.

Еўрарадыё: Вы вызначыліся, куды будзеце паступаць?

Уладзіслаў Гадалаў: Думаю, што ў БДУ, але ўсё можа змяніцца. А потым збіраюся вучыцца за мяжой.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі