Што мінчане думаюць пра выхад Брытаніі з Еўрасаюза (відэа)

Што мінчане думаюць пра выхад Брытаніі з Еўрасаюза (відэа)

Да рэферэндуму, на якім брытанцы будуць вырашаць, ці выйдзе Злучанае Каралеўства з Еўрасаюза, засталося менш за тыдзень. Еўрарадыё спыталася мінакоў на вуліцы, што такое “брэкзіт” і да якіх наступстваў ён можа прывесці.

 

Даведка: Брэкзіт — так скарочана называюць выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. Тэрмін пайшоў ад англійскіх словаў Britain (Брытанія) і Exit (выхад).

 

Выявілася, што пераважная большасць людзей нават не ўяўляе, што азначае гэтае слова. Але ў некаторых даць тлумачэнні ўсё ж атрымалася:

“Гэта выхад Брытанскай дзяржавы з Еўрасаюза. Еўрасаюз застанецца без адной з наймацнейшых эканомік. Да таго ж і Шатландыя, відаць, выйдзе са складу Вялікабрытаніі, каб застацца ў ЕС, бо ім гэта выгадна”, — нечакана адказвае мужчына.

“Мне падаецца, што для Вялікабрытаніі гэта будзе не надта выгадна. І для Еўрасаюза таксама будзе вялікім мінусам, бо Брытанія грае вялікую ролю ў гэтым саюзе”, — пасля шэрагу адмоўных адказаў выказвае сваю пазіцыю маладая дзяўчына.

Супрацьлеглае меркаванне выказвае малады хлопец, на думку якога “брэкзіт” будзе карысным для Злучанага Каралеўства:

“Я за тое, каб Брытанія выйшла з ЕС, бо самі бачыце, што адбываецца ў гэтым саюзе — тэрарызм, эканоміка, узаемаадносіны з Расіяй і з Амерыкай. Мне падаецца, што ўжо пік прайшоў, і свой эканамічны рэсурс саюз вычарпаў”

У адрозненні ад беларусаў, ледзь ні ўсе еўрапейскія СМІ абмяркоўваюць будучы брытанскі рэферэндум і яго наступствы на першых палосах.

Латвійская газета Neatkarīgā Rīta Avīze непакоіцца пра тое, як магчымы выхад каралеўства паўплывае на латвійскіх эмігрантаў, вялікая колькасць якія знаходзіцца цяпер у Брытаніі.

Выданне прыводзіць словы пасла ў Вялікабрытаніі Андрыса Тэйкманіса:

“Мне складана сказаць, што адбудзецца і як на нашу шматлікую суполку імігрантаў можа паўплываць выхад Вялікабрытаніі з ЕС. Ён можа ў большай ступені закрануць будучых імігрантаў, чым тых, хто ўжо знаходзіцца тут”, — сказаў пасол.

Літоўскі партал DELFI піша пра тое, што “брэкзіт” можа паўплываць на эканамічныя адносіны паміж краінамі. Пасол гэтай краіны ў Злучаным Каралеўстве Аста Скайсгірытэ выказвае меркаванне, што абароннае супрацоўніцтва Літвы і Брытаніі не мусіць змяніцца, таму што краіны супрацоўнічаюць праз NATO.

А вось падзенне курса фунта, скарачэнне працоўных месцаў і эканамічны спад, азначаў бы для Літвы падаражанне экспарту ў Вялікабрытанію. Акрамя таго, на думку дыпламата, варта рыхтавацца да досыць працяглага перыяду няпэўнасці, пакуль будуць весціся перамовы паміж ЕС і Брытаніяй пра новыя ўмовы гандлю і інвестыцый.

Што мінчане думаюць пра выхад Брытаніі з Еўрасаюза (відэа)
Выява: catholicherald.co.uk

Канал Euronews паведамляе, што апошнія сацыялагічныя апытанні сведчаць пра роўную колькасць прыхільнікаў і праціўнікаў выхаду каралеўства з аб’яднанай Еўропы.

Выданне цытуе словы прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмерана, які назваў брэкзіт “квітком у адзін канец”:

“Калі мы вырашым сысці, то сысці мы, вядома, можам. Але давайце паглядзім праўдзе ў вочы: калі мы выйдзем, мы пакінем арганізацыю, якая і пасля нашага сыходу працягне рабіць вялікі ўплыў на наша жыццё, на жыццё нашых дзяцей, на нашыя магчымасці, на наш бізнес. Я не думаю, што Брытанія ўрэшце сыдзе. Я веру, што мы застанемся і працягнем барацьбу. Вось што мы павінныя зрабіць. Менавіта так наша краіна стала вялікай, менавіта так яна будзе вялікай і ў будучыні”.

Апаненты Кэмерана на чале з былым мэрам Лондана Барысам Джонсанам, наадварот, лічаць брэкзіт “крокам да свабоды і дэмакратыі”. Яны сцвярджаюць, што рызыкі для брытанскай эканомікі значна вышэйшыя ў выпадку захавання членства ў ЕС.

Што мінчане думаюць пра выхад Брытаніі з Еўрасаюза (відэа)
Рыбак на фоне свайго карабля. Надпіс на сцягу: "Галасуй за выхад". Фота: elpais.com

Іспанская газета El País публікуе матэрыял пра брытанскіх рыбакоў, караблі якіх ходзяць пад сцягамі “галасуй за выхад”. У ім сцвярджаецца, што брытанскія рыбакі — ледзь не самыя актыўныя прыхільнікі выхаду каралеўства з ЕС. Яны наракаюць на непрымальныя квоты на лоўлю рыбы, якія ўвяла аб’яднаная Еўропа.

Польская газета Rzeczpospolita публікуе размову з чальцом партыі “Закон і справядлівасць” Рычардам Чарнецкім, які мяркуе, што “брэкзіт” моцна пахісне пазіцыю Еўрасаюза на перамовах з Расіяй:

“Брэкзіт пакіне Еўропу твар да твару з Расіяй. Лондан ставіцца са скепсісам да Расіі, таму Брытаніі лепей было б быць унутры, а не па-за Еўрасаюзам”.

Рэферэндум па выхадзе Брытаніі з Еўрасаюза пройдзе ў чацвер, 23 чэрвеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі