Сі Цзіньпін спадзяецца на "стабілізацыю дачыненняў паміж Кітаем і ЗША"
Энтані Блінкен і Сі Цзіньпін. Сустрэча ў Пекіне / Reuters
У панядзелак у Пекіне лідар КНР Сі Цзіньпін сустрэўся з дзяржсакратаром Злучаных Штатаў Энтані Блінкенам. Як паведамляе "Голас Амерыкі", гэтая сустрэча, якая доўжылася каля паўгадзіны, стала заключнай у праграме двухдзённага знаходжання Блінкена ў Кітаі, куды кіраўнік Дзярждэпартамента адправіўся, каб прадухіліць магчымы канфлікт паміж дзвюма супердзяржавамі (папярэдні раз падобная сустрэча была ў 2018-м). Энтані Блінкен заявіў пра важнасць добрых дачыненняў паміж дзвюма дзяржавамі для ўсяго свету. "Я цаню магчымасць абмеркаваць з вамі далейшыя дзеянні", — дадаў ён.
"Два бакі правялі адкрытыя і падрабязныя абмеркаванні, — сказаў Сі Цзіньпін. — ...Я спадзяюся, што дзякуючы гэтаму візіту, спадар дзяржсакратар, вы ўнясеце больш пазітыўны ўнёсак у стабілізацыю дачыненняў паміж Кітаем і ЗША".
Кітайскі лідар бачыць "прагрэс" па шэрагу пытанняў. Па іх былі дасягнутыя пагадненні, але падрабязнасці не агучваліся.
Мяркуецца, што сённяшняя сустрэча можа спрыяць правядзенню саміту лідараў ЗША і КНР у 2023 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.