Сілавікі возяць Ніну Багінскую пасля затрыманняў са сцягам у Навінкі

Ніну Багінская / Еўрарадыё
Ніну Багінская / Еўрарадыё

Пасля затрыманняў за прагулкі з нацыянальным сцягам актывістку Ніну Багінскую ўжо некалькі разоў вазілі ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Пра гэта яна расказала ў інтэрв'ю рэсурсу "Позірк". Актывістка кажа, што сілавікі спрабуюць даказаць яе неадэкватнасць. Але лекары кожны раз адмаўляюцца яе шпіталізаваць.

Апошні раз яе вазілі ў клініку ў мікрараёне Навінкі ў верасні, калі Багінская выйшла гуляць з нагоды гадавіны абвяшчэння бел-чырвона-белага сцяга дзяржаўным. Сваю прагулку яна пачала ад Акадэміі мастацтва. "Цэлую гадзіну ішла.  У руцэ бчб невялікі, на грудзі [плакат] "Палітвязням свабоду"", — расказвае Ніна Рыгораўна.

Урэшце яе затрымалі, прывезлі ў міліцыю, а адтуль — у Навінкі. "Хочуць даказаць, што я не зусім адэкватная", — мяркуе актывістка. У клініцы з ёй пагутарылі і адпусцілі — "але не зусім, а зноў прывезлі ў міліцыю". Сілавікі зноў выклікалі хуткую і зноў адвезлі ў РНПЦ, на гэты раз з ёй размаўляў галоўны ўрач клінікі.

"Ён кажа мне: "Спадарыня Ніна, па цэнтры не хадзіце. Мне пакаранне будзе за маіх лекараў, што цябе, спадарыня, не хочуць абвесціць ненармальнай", — расказвае актывістка.

Ніна Багінская ўдзельнічае ў апазыцыйным руху яшчэ з часоў СССР. За гэта яе неаднаразова затрымлівалі. У кастрычніку 2020 года пра яе гаварыў Аляксандр Лукашэнка. Ён назваў Багінскую перакананым чалавекам і папрасіў сваіх чыноўнікаў "не забіраць яе з плошчаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі