Сінгл беларускага музыканта можа быць намінаваны на “Грэмі”
Пакуль беларусы хадзілі на выбары, у амерыканскай Атланце ўзнагароджвалі лепшых прадстаўнікоў хіп-хопу па версіі ВET Hip Hop Awards узору 2015 года. Сярод іх, апроч Канье Уэста, Снуп Дога, Дрэйка, Кендрыка Ламара, апынуўся і беларускі бітмэйкер Tony Fаdd, ён жа Антон Мацулевіч ― бубнач гурта IQ48. Яго трэк “Trap Quееn” у выкананні ўзыходзячай амерыканскай зоркі Fetty Wap быў прызнаны “Песняй года”, а сам Антон перамог у намінацыі “Песня года” як прадзюсар.
Антон прысутнічаў на цырымоніі: прайшоўся па чырвонай дарожцы разам з сусветна вядомымі зоркамі, даў інтэрв’ю некалькім амерыканскім часопісам і пазнаёміўся з прадзюсарам Майлі Сайрус Майклам Уілам, DJ Drama, рэперам Уізам Халіфам, а таксама прадстаўнікамі буйных лэйблаў, якія займаюцца прасоўваннем артыстаў і практычна кіруюць тамтэйшым музычным рынкам.
“Натуральна, што ёсць хваляванне, калі ты бачыш побач і размаўляеш з людзьмі, якіх раней толькі ў кліпах назіраў, ― прызнаецца Антон. ― А ўвогуле, вядома, ёсць адчуванне вялікай радасці і такое: да ну нафіг! Праўда, я думаў, што буду больш хвалявацца, бо там фатаграфуюць, бяруць інтэрв'ю для розных часопісаў. Але ўсё прайшло без напружання”.
Па словах Антона, ВET Hip Hop Awards ― адна з найбуйнейшых хіп-хоп падзей ЗША, яе вядучым быў Снуп Дог. Аднак беларускі музыка кажа, што з амерыканскімі зоркамі не складана знайсці агульную мову, бо яны абсалютна простыя ў адносінах. Сам Антон добра валодае англійскай: у свой час бітмэйкер скончыў школу з англійскім ухілам у Гродне. Але ўзгадвае, што па прыездзе ў Каліфорнію ўсё ж адчуваў сябе не вельмі ўпэўнена, бо тэмпераментныя рэперы і іх мэнэджары вельмі хутка размаўляюць. Цяпер жа праблем з камунікацыяй няма. Праўда, з выканаўцай хіта “Trap Quееn”, які набраў у інтэрнэце амаль 300 мільёнаў праслухоўванняў, Fetty Wap, Антон так і не пазнаёміўся: днямі Фэці патрапіў у аварыю на матацыкле і зламаў нагу, таму не змог прысутнічаць на цырымоніі.
Дарэчы, у кампаніі BMG, з якой Антон падпісаў дамову аб супрацоўніцтве, не выключаюць, што “Trap Quееn” з’явіцца ў намінантах на сёлетнюю прэмію “Грэмі”:
“Нават калі ніякіх прызоў песня не атрымае, а будзе толькі намінацыя ― гэта ўжо добра”, ― сціпла кажа Мацулевіч. Дарэчы, бацькі Антона спачатку не верылі ў сур’ёзнаць яго амерыканскай авантуры. А цяпер вельмі рады за сына:
“Тата добра ведае англійскую мову, і злёгку афігеў ад тэксту песні. Увогуле, бацькі слухаюць больш блюз і рок. Але яны за мяне вельмі рады, безумоўна”.
У хуткім часе мусяць выйсці два трэкі амерыканскіх рокераў Fall Out Boy аўтарства беларускага бітмэйкера.
Фота з архіва Антона Мацулевіча