Следчы камітэт зноў адмовіўся спыніць крымінальны пераслед галоўрэда tut.by
Следчы камітэт зноў адмовіўся спыняць крымінальны пераслед супраць галоўнай рэдактаркі партала tut.by Марыны Золатавай, піша tut.by.
Напрыканцы снежня 2018 года Золатава падавала хадайніцтва, каб спыніць крымінальны пераслед у адпаведнасці з артыкулам 86 Крымінальнага кодэксу. Гэты артыкул дазваляе замяніць крымінальную адказнасць на адміністрацыйную, калі асоба ўчыніла злачынства ўпершыню і кампенсавала шкоду.
Гэта другое хадайніцтва Золатавай па "справе БЕЛТА". Першае янападавала пасля заканчэння расследавання.
Рашэнне аб адмове следчы Семенік паведаміў адвакату Золатавай па тэлефоне.
Як вядома, Золатава засталася адзінай абвінавачванай па скандальнай "справе БЕЛТА". Астатнія 14 фігурантаў з розных СМІ былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці і прыцягнутыя да адміністрацыйнай. Журналісты былі аштрафаваныя, а таксама абавязаныя кампенсаваць шкоду. Сумы для кожнага налічылі розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў.
Галоўрэда tut.by Марыну Золатаву вінавацяць у бяздзейнасці службовай асобы. Ёй пагражае ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі. Яна адзіная з усіх падазраваных, хто не карыстаўся доступам да платных матэрыялаў БЕЛТА.
7 жніўня ў офісах кампаній tut.by і БелаПАН адбыліся ператрусы і затрыманні. Следчыя пачалі крымінальную справу за незаконны доступ журналістаў шэрага выданняў да платнай падпіскі на навіны дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.