СМІ: У расійскім лайнеры, які трапіў у катастрофу, усё ж быў адзін беларус
Міністэрства замежных справаў паведаміла ў Твітэры, што сярод загінулых у авіякатастрофе ў Егіпце, паводле папярэдніх дадзеных, быў грамадзянін Беларусі. У апублікаваным спісе пасажыраў і членаў экіпажа расійскага лайнера А-321 сапраўды ёсць чалавек, імя якога пазначана ў беларускай лацінскай транскрыпцыі — Raman Seradzinski.
Паводле “Нашай Нівы”, гэта, імаверна, 28-гадовы ўраджэнец Клічава Раман Серадзінскі. Ён вырас і скончыў школу на Магілёўшчыне і пасля вучыўся ў Магілёўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме.
У сярэдзіне 2000-х Раман з'ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе пераходзіў з працы на працу. На яго старонцы ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте пазначана, што цяпер ён працуе ў кампаніі “Аліянс”.
Апошні раз Раман заходзіў на сваю старонку ўвечары 30 кастрычніка, за ноч да вылету. Тыдзень таму ён выставіў новы аватар — здымак з егіпецкага курорта.
Сваякі Рамана ўжо ведаюць пра трагедыю, аднак пакуль не гатовыя каментаваць сітуацыю.
Пасажырскі лайнер, які ляцеў з Шарм-эш-Шэйха ў Санкт-Пецярбург, разбіўся сёння над Сінайскай паўвыспай. На борце было 224 чалавекі.
Фота: ВКонтакте