СМІ: Віктар Ганчарэнка сышоў з пасады галоўнага трэнера "Урала"

Вядомы беларускі футбольны спецыяліст 37-гадовы Віктар Ганчарэнка сышоў з пасады галоўнага трэнера "Урала" з Екацярынбурга, паведамляе "Прессбол". Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён напісаў заяву на ўласнае жаданне. Што стала прычынай такога кроку Ганчарэнкі, пакуль невядома.

У ФК "Урал" Еўрарадыё гэтую інфармацыі не пацвердзілі, але і не абверглі. Сказалі, што ўся адказнасць за яе ляжыць на "Прессболе". У футбольным клубе яе каментаваць не хочуць. Няма ніякай інфармацыі пра адстаўку Ганчарэнкі і на клубным сайце.

Нагадаем, Віктар Ганчарэнка быў галоўным трэнерам ФК "Урал" з чэрвеня 2015 года. Пасля звальнення з пасады галоўнага трэнера "Кубані" ў 2014-м беларускі спецыяліст працяглы час быў без працы. Яшчэ раней ён трэніраваў БАТЭ, упершыню вывеў беларускі футбольны клуб у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў. Летась Ганчарэнка меў прапановы ачоліць футбольную зборную Беларусі, але палічыў, што для яго гэтая праца перадчасная.

Сёлетні чэмпіянат Расіі "Урал" пачаў з перамогі, але пасля былі паражэнні і нічыі. У выніку, каманда займае толькі 10-е месца.

Прэзідэнт екацярынбургскага "Урала" Рыгор Іваноў не пацвердзіў інфармацыю аб звальненні з клуба Віктара Ганчарэнкі. "Нічога ніхто не пакінуў. Ці мала, хто і што піша. Ні пра якія адстаўкі нічога не ведаю, у нас усё нармальна", — цытуе яго словы ТАСС.

Фота: ФК "Урал"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі