Марына Золатава: "Шкоду рэпутацыі БЕЛТА нанёс сам гэты працэс". Онлайн
Галоўны рэдактар TUT.by Марына Золатава
У будынку суда Маскоўскага раёна Мінска суд Заводскага раёна працягвае разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да галоўнага рэдактара TUT.by Марыны Золатавай. Гэтая справа больш вядомая як "справа БЕЛТА", Золатаву абвінавачваюць у бяздзейнасці службовай асобы — ч.2 арт. 425 КК.
На папярэдніх пасяджэннях было агучанае абвінавачванне, а таксама дапытаныя сведкі — супрацоўнікі БЕЛТА, у тым ліку гендырэктар агенцтва Ірына Акуловіч, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, галоўны рэдактар “СБ. Беларусь Сегодня” Дзмітрый Жук, гендырэктар ЗАТ "БелКП-Прэс" — выдавец беларускай "Камсамолкі" — Наталля Галезнік, рэдактары TUT.by. 18 лютага частка працэсу была закрытай, агучвалася асабістая перапіска супрацоўнікаў TUT.by. З матэрыялаў справы стала вядома, што следчыя чыталі чаты TUT.by, падключыўшыся да ўліковага запісу Дзмітрыя Бобрыка.
На пасяджэнні 19 лютага ў судзе дасць паказанні Марына Золатава.
"Справа БЕЛТА" распачалася 7 жніўня 2018 году каля 9:20 раніцы з затрыманняў журналістаў і рэдактараў некалькіх СМІ, а таксама вобшукаў ў іх кватэрах. Следчы камітэт паведаміў, што пачаў крымінальную справу па ч.2 ст.349 (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды). Як стала вядома пазней, пад "несанкцыянаваным доступам" следчыя мелі на ўвазе той факт, што рэдактары і журналісты чыталі платныя навіны дзяржаўнага інфармагенцтва па закрытай падпісцы БЕЛТА пад чужым паролем.
"Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "Тутбай Медыя". Сёння па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактар TUT.BY Ганна Калтыгина, журналіст БелаПАН Таццяна Каравянкова", — пісаў Следчы камітэт.
У лістападзе журналістам ды рэдактарам былі прад'яўленыя абвінавачванні па ч.2 ст.349, а галоўнаму рэдактару TUT.BY Марыне Золатавай — па ч.2 арт.425 КК (Бяздзейнасць службовай асобы).
Пасля крымінальны пераслед у дачыненні да 14 фігурантаў быў спынены — яны заплацілі шкоду дзяржаве ў памеры ад 3000 да 17000, а таксама штрафы. Так адзінай фігуранткай "справы БЕЛТА" засталася толькі Марына Золатава. Следчы камітэт двойчы адмовіў ёй у хадайніцтве аб спыненні крымінальнага пераследу.