Sprava: фэст для тысячы “сваіх” з купаннем у гарлачыках і аркестрам у царкве
4-5 жніўня на беразе маляўнічага Чарэйскага возера ў вёсцы Белая Царква, што ў 165 км ад Мінска, прайшоў другі па ліку двухдзённы фестываль Sprava.
Летась арганізатары называлі івент складана: фэстам-узаемадзейнічаннем з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі сродкамі сучаснага мастацтва і музыкі. Сёлета ад цяжка вымаўляльнай фармулёўкі адмовіліся і аб'явілі, што Sprava ― фестываль месца. Усё адразу стала зразумела: тое, што адбываецца на фэсце, дапаўняе і ўпрыгожвае месца, робіць яго яшчэ больш атмасферным і надае яму сучаснае адценне. А што можа ўдасканаліць дасканалае (маем на ўвазе унікальны ландшафт фестывальнага паўвострава)? Музыка, мастацтва і ўнутраная свабода наведвальнікаў. Магчыма таму, самая папулярная сёлетняя рэакцыя ― "камфортны фестываль, пасля якога адчуваеш не стому, а акрыленасць і напоўненасць".
Ну, стаміцца тут можна хіба што ад шалёнай спёкі, але альтэрнатыва ёй ― купанне ў возеры. Прычым, надоечы валанцёры заняліся справай (фішка фэсту яшчэ і ў абавязковым упарадкаванні паўвострава) і зрабілі тут пляж з пірсам, каб было зручней плаваць у гарлачыках.
Натуральна, можна стаміцца і ад слухання музыкі. Яе шмат, прычым, рознай ― ад джаза з фолкам да класікі, драм-энд-бэйса і духоўных спеваў, і ў яе хочацца пагрузіцца.
Яшчэ ― ад экскурсій па сцежцы здароўя (ну як гэта, ні разу ў жыцці не паглядзець на сляды жыццядзейнасці бабра!?) ці па гістарычных навакольных месцах, якія ў свой час належалі Сапегам і Мілашам. Ад прагляду дыяфільмаў, танцаў ці ёгі.
Карацей, адзінае, што напружыла на Sprav'е ― чэргі за ежай: кропак харчавання было занадта мала для тысячнай публікі, а варыць суп на вогнішчы хацелася далёка не ўсім.
Увогуле, на Spravа едуць “свае”. Можна не дамаўляцца аб сустрэчы з сябрамі ― яны ўсё адно будуць у Белай Царкве. Падаецца, што публіка, якая некалі наведвала фестывалі ў Шаблях, цяпер перакачавала на Чарэйскае возера. Пакуль тут рэальна ідылія: фэст не агароджаны кардонам АМАПа і аўтазакамі. На ўваходзе не трасуць торбы і нават не правяраюць квіткі ― давяраюць. Ідзеш сабе і ідзеш.
Паміж артыстамі і публікай таксама ніякіх фотапітаў, толькі блізкі кантакт: "Троіца" выконвае "Тры янгалы", а паміж гукаўзмацняльнымі калонкамі прама на сцэне сядзяць дзеткі. Альбо аркестр Oko у закінутай царкве ХVI стагоддзя паказвае містэрыю “Кросны Макошы”, дырыжыруе якой аўтар музыкі Канстанцін Яськоў, і тут жа на дыванках сотні слухачоў. Тут важны яшчэ і адукацыйны момант: не часта здараецца нагода ў адзін дзень пазнаёміцца з музыкай сучасных беларускіх і сусветных кампазітараў і паслухаць Гендэля.
Хочацца, каб Sprava і далей заставалася фэстам максімум для тысячы “сваіх". Бо ў адваротным выпадку тут з’явяцца ўсе атрыбуты “гарадскіх” фестываляў (ад рот міліцыі да шмонаў на ўваходзе і піва ў пластыкавых стаканах). Ну і ўдасканальвала свае лепшыя якасці.