Стала вядома, калі ў поўным аб’ёме пачне дзейнічаць “дэкрэт аб дармаедах”
Стала вядома, калі ў Беларусі ў поўным аб’ёме пачне дзейнічаць абноўлены дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” (“дэкрэт аб дармаедах”). Па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы, якая прайшла ў чацвер, была названая дата — з 1 студзеня 2019 года. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер Васіль Жарко. Паводле яго слоў, змены будуць не толькі ў змесце дакумента, зменіцца і яго назва.
Жарко адзначыў, што дзяржава стварае адпаведныя ўмовы для ўцягвання беларусаў у працоўную дзейнасць. У адносінах тых грамадзян, якія працаваць не хочуць, “будуць уключацца эканамічныя рычагі”. Урад мусіць да вясны 2018-га вызначыць, якія паслугі гэтыя людзі будуць кампенсаваць на 100%. Таксама з’явяцца крытэрыі, паводле якіх людзі будуць трапляць у лік плацельшчыкаў “падатку на дармаедаў”.
“З 1 студзеня 2019 года будзе кампенсацыя па поўным кошце, — цытуе словы віцэ-прэм’ера БЕЛТА. — А за гэты год [за 2018 год] будзе створана інфармацыйная база. Яе будзе весці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны”.
Васіль Жарко звярнуў увагу на той факт, што праца чыноўнікаў па абноўленым дэкрэце № 3 будзе прадугледжваць максімальна індывідуальны падыход. Рэалізацыяй дакумента зоймуцца мясцовыя органы ўлады і камісіі пры адміністрацыях раёнаў і гарадоў.