Сталі вядомыя падрабязнасці гібелі ў Бабруйску знанага доктара
На выходных у Бабруйску прайшла цырымонія развітання з доктарам Сяргеем Нікіціным
Кіроўца, які здзейсніў смяротны наезд на бабруйскага доктара-рэнтгенолага Сяргея Нікіціна, быў п'яны, паведамілі ў СК. Медагляд паказаў у выдыханым паветры 2 праміле алкаголю.
Нагадаем, ДТЗ адбылося ўвечары 10 чэрвеня ў Бабруйску. Аўтамабіль Opel наехаў на 51-гадовага жыхара Бабруйска, ад атрыманых траўмаў мужчына памёр. Загінулым выявіўся вядомы ў горадзе доктар-рэнтгенолаг Нікіцін. Ён узначальваў аддзяленне прамянёвай дыягностыкі ў Бабруйскім міжраённым анкалагічным дыспансеры і прымаў у мясцовым медцэнтры. У той вечар ён разам з жонкай вяртаўся дадому з гаража. Ішлі ўзбочынай у кірунку руху аўтамабіляў. Жонка пачула гук аўто, якое набліжалася, павярнулася і ўбачыла, як мужа збівае аўтамабіль.
Пасля наезду на пешахода кіроўца спыніўся, агледзеў аўтамабіль і з'ехаў. Відавочцы спрабавалі яго спыніць, але беспаспяхова. Яго спыніў плот, у які ён урэзаўся па дарозе. На месца другога ДТЗ прыбылі супрацоўнікі ДАІ. Яны адправілі кіроўцу на медагляд. Сьледчаму мужчына заявіў, што за некалькі гадзінаў да здарэння рамантаваў машыну ў сваім гаражы і выпіваў.
"Кіроўца п'яны быў зусім, калі яго з машыны даставалі, за рукі трымалі, каб не ўпаў", — прыводзіць словы відавочцаў мясцовы рэсурс komkur.info. Людзі звярнуліся да мясцовых уладаў, каб у тым раёне, дзе загінуў доктар, зрабілі тратуар. "Напішыце, каб там дарожкі пешаходныя зрабілі. Там уздоўж праезнай часткі тратуараў няма", — папрасілі яны журналістаў выдання.
У дачыненні да кіроўцы, 38-гадовага жыхара Бабруйска, завялі крымінальную справу за парушэнне ПДР "асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека". Мужчына затрыманы, цяпер ён пад вартай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.