Старшыня Еўрапарламента заклікаў ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі

Старшыня Еўрапейскага парламента Ежы Бузек у заяве ад 19 траўня заклікаў беларускія ўлады "неадкладна спыніць рэпрэсіі і пераслед структур грамадзянскай супольнасці і вярнуцца на шлях дэмакратызацыі". Як паведамляе прэс-служба Бузека, 18 траўня кіраўнік Еўрапарламента сустрэўся з лідэрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і яго намеснікам Яраславам Раманчуком. Бузек выказаў "сур'ёзную занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі" ў сувязі з "апошнімі паведамленнямі пра рэпрэсіі і пераслед структур грамадзянскай супольнасці".

"Мы не бачым паляпшэнняў [у сферы правоў чалавека], але выразны рэгрэс, і гэта вельмі непакоіць мяне", — гаворыцца ў заяве Бузека.

Кіраўнік Еўрапарламента выказаў расчараванне ходам кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы, якая "не паказала бачных паляпшэнняў у галіне празрыстасці і выканання дэмакратычных стандартаў". Ён таксама адзначыў узмацненне націску на незалежныя СМІ і два вынесеныя нядаўна смяротныя прысуды.

Бузек падкрэсліў, што ў аснове дыялогу ЕС і Беларусі ляжыць шэраг умоў, сярод якіх — "рэальны прагрэс у галіне дэмакратыі і выразныя сігналы пра паважанне правоў чалавека". Палітык нагадаў, што прыпыненне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў будзе перагледжана восенню 2010 года, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі