Стэфановіч: Грамадскай небяспекі ў справе Бяляўскага не было, яе можна спыняць
Справу Андрэя Бяляўскага можна было б спыняць, бо няўмыснае захоўванне патрона не нясе ніякай грамадскай небяспекі. Такую думку ў размове з Еўрарадыё агучыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Стэфановіч: “Пры наяўнасці фармальных прыкмет складу злачынства, грамадская небяспека адсутнічае. Гэта можна было прызнаць малазначным злачынствам і спыніць справу з-за адсутнасці складу злачынства. Адзін патрон — гэта ж натуральна малазначнае злачынства. І суд мусіць улічваць аб’ем і іншыя акалічнасці”.
Падчас суда дзяржабвінаваўца Аляксей Кісляк папрасіў пакараць Андрэя Бяляўскага за захоўванне аднаго патрона годам “хатняй хіміі”. Раней Андрэй прызнаў сваю віну, сказаў, што патрон знайшоў выпадкова і пакінуў у якасці сувеніру. Яго абаронца папрасіў прызначыць штраф. Суд Ленінскага раёна Мінска абвесціць прысуд 12 студзеня ў 9:30 раніцы.