Стэфановіч заявіў у судзе, што следства збірала доказы з парушэннямі
Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі / sb.by
Ленінскі суд Мінска працягвае разглядаць крымінальную справу палітвязняў і праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча (а таксама завочна Змітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой). У пятніцу пачалося агалошванне пісьмовых матэрыялаў справы. Як піша sb.by, спачатку Бяляцкі заявіў, што не паспеў азнаёміцца з усімі матэрыяламі (у крымінальнай справе 283 тамы), і прасіў больш падрабязна агучваць дакументы. Стэфановіч запатрабаваў агучыць два дакументы з першага тома, якія, падкрэсліў ён, сведчаць пра ціск у СІЗА на абвінавачаных і збор следствам доказаў з парушэннямі. Усе ведаюць, чым займаецца у нашай краіне ГУБАЗіК, адзначыў палітвязень.
Суд над праваабаронцамі з "Вясны" праходзіць з 5 студзеня. Іх судзяць за дапамогу рэпрэсаваным беларусам. Сваёй віны яны не прызналі. Палітвязняў па-ранейшаму трымаюць у кайданках.
Наступнае пасяджэнне — ў панядзелак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.