"Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" можа застацца без офіса
Архіўныя здымкі з калекцыі "Студэнцкага этнаграфічнага таварыства"
"Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" ў найбліжэйшай будучыні можа застацца без офіса. Гэтым летам яно не можа працаваць у звычайным рэжыме праз каранавірус і просіць пра дапамогу.
Некамерцыйная арганізацыя, якая клапоціцца пра захаванне беларускай культуры, не можа арганізоўваць экспедыцыі. А гурткі і майстар-класы засталіся без наведвальнікаў.
Сёння СЭТ арандуе невялікае памяшканне ў ЖЭСа. Сур'ёзнай запазычанасці яшчэ няма. Этнографы вельмі спадзяюцца, што іх не выселяць.
— Сёлета нам, як і іншым сацыяльным, культурным і адукацыйным арганізацыям і ініцыятывам, даводзіцца нялёгка. Мы не можам нармальна функцыянаваць праз эпідэміялагічную сітуацыю. Нам складана ўтрымліваць офіс і ажыццяўляць сваю дзейнасць. Напрыклад, сёлета мы, хутчэй за ўсё, больш не будзем арганізоўваць этнаграфічныя экспедыцыі, якія праводзяцца кожнае лета, — расказвае старшыня таварыства Ганна Сілівончык.
Можна было б папрасіць у дзяржавы паніжальны каэфіцыент на арэнду — таварыства мае на гэта права. Але тут не ўсё так проста.
— Калі вы шукаеце памяшканне для офіса, у ЖРЭА адразу пытаюцца, ці ёсць паніжальны каэфіцыент. І калі ёсць, не хочуць здаваць памяшканне ў арэнду. Таму мы знайшлі меншы "офіс", чым у нас быў да гэтага, але які мы ў цэлым фінансава цягнем. Калі мы з'язджалі са старога офіса чатыры гады таму, мы шукалі розныя варыянты, і гэты нам падыходзіў: асобны ўваход, канфігурацыя памяшкання, зручнае размяшчэнне.
"Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" — найважнейшая арганізацыя для беларускай культуры. Дзейнасць таварыства накіравана на захаванне і развіццё традыцый, аднаўленне натуральнага асяроддзя жыхарства традыцыйнай этнічнай культуры, прыроднага і культурнага ландшафту Беларусі.
— Спецыфіка і ўнікальнасць арганізацыі заключаецца ў тым, што мы арыентуемся не толькі на збор і захаванне традыцыйнай спадчыны, але і на яе непасрэднае перайманне, — расказвае Ганна. — Таварыства ўключае ў сябе спецыялістаў у розных галінах традыцыйнай культуры. Такім чынам мы імкнёмся падтрымліваць традыцыйную культуру, працягваць гэтыя культурныя практыкі на тым жа ўзроўні, на якім яны дайшлі да нас, і, калі магчыма, адаптаваць іх да сучаснай культуры.
Сабраныя грошы ідуць на публікацыю літаратуры, апрацоўку архіваў, расходныя матэрыялы, арганізацыю экспедыцый. Большая частка гэтых сродкаў ідзе на арэнду офіса, дзе захоўваюцца калекцыі і архівы.
Таксама таварыства праводзіць святы і летнікі, папулярызуе традыцыйную культуру ў СМІ, навучае традыцыйным спевам і танцам, сочыць за станам ландшафтных і архітэктурных помнікаў.
Дапамагчы "Студэнцкаму этнаграфічнаму таварыству" перажыць цяжкія часы можна зайшоўшы на старонку суполкі "УКантакце". Там можна звязацца са старшынёй і даведацца рэквізіты арганізацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.