Суд над былым архітэктарам Мінска Лучыновічам адклалі праз яго хваробу

Суд над былым архітэктарам Мінска Лучыновічам адклалі праз яго хваробу

У Заводскім судзе Мінска пачаўся суд над былым галоўным архітэктарам сталіцы Паўлам Лучыновічам і прадпрымальніцай Нонай Грышынай, перадае Радыё "Свабода".

Следства сцвярджае, што ў сакавіку 2019 года Грышына дала Лучыновічу хабар у 4000 долараў, а таксама бутэльку рому, гарбату, спецыі, прыправы. 

У суд даставілі толькі прадпрымальніцу: яна сядзіць у жалезнай клетцы. А вось Лучыновіч з 2 верасня знаходзіцца ў 5-й клініцы, у аддзяленні гнойнай хірургіі. Туды яго прывезлі з "Валадаркі". Паведамлялася, што ў Лучыновіча за кратамі пачалася цяжкая хвароба. Пасля складанай аперацыі на пазваночніку ў яго паралізаваныя ногі, яго чакае шматмесячная рэабілітацыя.

Абаронцы Лучыновіча хадайнічалі пра перанос працэсу — да часу, пакуль іх падабаронны не паправіцца. Па іх словах, архітэктар да хваробы не паспеў пазнаёміцца з матэрыяламі справы. Да таго ж ён хоча даць паказанні пасля допыту Грышынай.

Са згоды дзяржабвінаваўцы Сакаловай справу Грышынай пачалі разглядаць асобна ад справы Лучыновіча. Справу архітэктара суддзя Жанна Хвайніцкая прапыніла да ягонай папраўкі. 

У справе Лучыновіча і Грышынай — 22 тамы. Былога галоўнага архітэктара Мінска вінавацяць у атрыманні хабару, яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі