Суд над Уладзімірам Кондрусем праходзіць без яго
26 снежня ў Маскоўскім судзе Мінска аднавіўся суд над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем.
Пачатак сённяшняга пасяджэння быў прызначаны на 10.30. Але, як паведамляе з залы суда карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі, пачатак суда зацягнуўся, бо Кондруся ніяк не прывозілі.
У судовай зале прысутнічаюць каля 20 чалавек, гэта ў асноўным журналісты.
Урэшце судовы працэс пачаўся без прысутнасці Кондруся. Суддзя забараніла фота- і відэаздымкі працэсу. Кіраўнік канвоя паведаміў, што Кондрусь катэгарычна адмаўляецца ехаць у залу паседжанняў. Пасля гэтага суддзя Бандарэнка прыняла рашэнне выдаліць Кондруся з пасяджэнняў да канца разгляду справы за непавагу да суда.
Пачуўшы пра такое рашэнне, дэманстратыўна сышоў з залы Мікалай Статкевіч.
Суддзя Бандарэнка паведаміла, што падчас неаднаразовых допытаў, якія ішлі падчас збору доказаў па яго справе, Уладзімір Кондрусь адмовіўся ад дачы паказанняў. Ён катэгарычна адмаўляўся размаўляць са следствам.
На судзе сёння дапытваюць сведкаў. Першым сведкам стаў бацька абвінавачанага Расціслаў Кондрусь. Ён адмовіўся даваць паказанні. Маці Галіна Кондрусь таксама не стала даваць паказанняў.
Кондруся судзяць за Плошчу-2010. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Праваабаронцы прызналі Кондруся палітвязнем.
На першым пасяджэнні падсудны паспрабаваў ускрыць сабе вены. Пасля гэтага працэс быў прыпынены, а самога Кондруся адправілі на псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.