Суд у Польшчы разгледзіць справу аб катаваннях трох беларусаў у РБ
Затрыманыя пратэстоўцы ў Савецкім РУУС Мінска, 2020 год
Суд у Польшчы разгледзіць справу аб катаваннях трох беларусаў у Беларусі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. Паводле яго слоў, разгляд крымінальнай справы адбудзецца у Акруговым судзе Варшавы 6 чэрвеня. Латушка выказаў спадзяванне, што ў дачыненні асоб, якія здзяйснялі гвалт, распачнуць крымінальную справу.
"Мы ўжо дамагліся выдачы шасці ордэраў на арышт, у тым ліку катам з Акрэсціна і Жодзіна, — цытуе словы Паўла Латушкі "Позірк". — Мы павінны паказаць усім тым, хто з'яўляецца сёння гестапаўцамі ў Беларусі, што яны будуць за гэта адказваць".
Польскі ўрад плануе ўнесці змены ў заканадаўства, якія "дазволяць адкрыць дарогу для ўніверсальнай юрысдыкцыі і выдаваць у міжнародны вышук ордэры на тых, хто здзекуецца з беларусаў", кажа Латушка.
Як вядома, у Беларусі пад рэпрэсіі трапілі дзясяткі тысяч чалавек. Ніхто з катаў не быў пакараны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.