Святлана Алексіевіч накіравалася ў Стакгольм на ўручэнне Нобелеўскай прэміі
Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, якая сёлета стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры, 5 снежня накіравалася ў Стакгольм для ўдзелу ў нобелеўскіх урачыстасцях, якія пройдуць з 6 па 12 снежня.
10 снежня ў Стакгольме і Осла ўручаць Нобелеўскія прэміі 2015 года за дасягненні ў розных галінах дзейнасці. Напярэдадні цырымоніі, 7 снежня, усе лаўрэаты, у тылм ліку Алексіевіч, выступяць з гэтак званай “Нобелеўскай мемарыяльнай лекцыяй”. Гэта абавязковая ўмова нобелеўскага камітэту. Па выніках кожны даклад публікуецца Нобелеўскім фондам асобным томам.
Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы не плануюць трансляваць уручэнне Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі. Назіраць за гэтай падзеяй можна будзе праз інтэрнэт-трансляцыю, паведамляе БелаПАН.
8 кастрычніка Алексіевіч прысудзілі Нобелеўскую прэмію па літаратуры за “шматгалоснае гучанне яе прозы і ўшанавання памяці пакутаў і мужнасці”.