Святлана Ціханоўская: вываз дзяцей за мяжу быў задуманы даўно

Святлана Ціханоўская: вываз дзяцей за мяжу быў задуманы даўно

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская ў панядзелак у стрыме Радыё Свабода распавяла пра вываз сваіх дзяцей за мяжу. Спачатку пра гэта стала вядома са слоў галоўнай рэдактаркі сайта "Хартыя'97" Наталлі Радзінай. Яна расказала, што пасля звароту Ціханоўскай дапамагла вывезці іх у адну з краін ЕС.

Святлане Ціханоўская пагражалі ў чэрвені, калі яна была ў Гомелі. Ёй патэлефанаваў невядомы і выказаў пагрозы на адрас яе дзяцей, калі яна не здымецца з выбарчай гонкі. Ціханоўская аднак вырашыла працягваць барацьбу. Паводле яе слоў, больш пагроз не было, але яна "разумела, што гэта можа працягвацца".

"І ўжо тады я пачала працаваць над пытаннем вывазу дзяцей з краіны, — гаварыла Ціханоўская. — Таму што я не магла б адчуваць тут сябе ў бяспецы і рухацца наперад, калі б мае дзеці былі ў небяспецы... Гэта было задумана даўно. Проста ва ўмовах пандэміі [каранавіруса] гэта было складана здзейсніць. Але, слава богу, усё атрымалася, удалося іх вывезці адсюль. Цяпер калі ў мяне адказнасці за іх менш — там з імі бабуля, там з імі знаёмыя нашы, сябры, таму яны ў бяспецы — я магу рухацца наперад і не думаць, што там у мяне можа здарыцца з маімі дзецьмі".

Муж Святланы Ціханоўскай блогер Сяргей Ціханоўскі з 29 траўня знаходзіцца за кратамі. У дачыненні да яго распачаты крымінальныя справы. У Ціханоўскіх двое дзяцей — 4-гадовая дачка і 10-гадовы сын. Ім кажуць, што іх бацька ў камандзіроўцы...

Дзеці вернуцца "пасля таго як іх мама выйграе прэзідэнцкія выбары". "Яны прыедуць у свабодную і бяспечную краіну", — сказала Ціханоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі