Святлана Ціханоўская: я гатовая прыняць адказнасць і стаць нацыянальным лідарам
Святлана Ціханоўская гатовая стаць нацыянальным лідарам і прыняць на сябе палітычную адказнасць. Пра гэта яна заявіла ў сваім чарговым звароце, які выйшаў зранку 17 жніўня.
"Мы ўсе і наша краіна перажываем цяпер вельмі складаны перыяд у сваёй гісторыі, калі подласць мяжуе з гераізмам, адчай — з мужнасцю, а каханне — са здрадай. У гэты перыяд мы павінны зрабіць свой выбар — гэтага патрабуе ад нас час", — заявіла Ціханоўская.
Яна згадала людзей, якія загінулі падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Па словах Ціханоўскай, гэта неверагодная страта для краіны: "Мы абавязаныя падтрымаць іх сем'і, іх імёнамі мы абавязаныя ў будучыні назваць вуліцы".
Ціханоўская нагадала, што апынулася ў ролі кандыдаткі ў прэзідэнты не па сваёй волі.
"Вы аддалі мне свае галасы — і я гэта вельмі цаню. Я ведаю, навошта вы гэта зрабілі: мы ўсе хочам выйсці з гэтага бясконцага кола, у якім апынуліся 26 гадоў таму.
Я гатовая прыняць на сябе адказнасць і выступіць у гэты перыяд у якасці нацыянальнага лідара з тым, каб краіна супакоілася, ўвайшла ў нармальны рытм. Каб мы вызвалілі ўсіх палітвязняў і ў самыя кароткія тэрміны падрыхтавалі заканадаўчую базу для арганізацыі новых прэзідэнцкіх выбараў. Рэальных, сумленных і празрыстых выбараў, якія будуць безумоўна прынятыя сусветнай супольнасцю", — падкрэсліла яна.
Ціханоўская адзначыла, што беларускія дэманстранты паказалі сваю прыхільнасць да ідэяў негвалтоўнага супраціву. Яна заклікала салідарызавацца з беларусамі замежжа: "Упершыню за доўгія гады мы змаглі стаць адзіным цэлым — беларусамі, якія любяць сваю краіну".
Чарговы раз яна падкрэсліла, што незалежнасць Беларусі не можа быць страчаная ні пры якіх абставінах.
Асобна Ціханоўская звярнулася да сілавікоў і заклікала іх пераходзіць на бок народа: "Я хачу звярнуцца да людзей у форме. Беларусы — гэта людзі, якія не прымаюць гвалту. Беларусы шчодрыя і справядлівыя. І калі вы вырашыце не выконваць злачынныя загады і перайсці на бок народа, яны даруюць вас, падтрымаюць вас і ў будучыні не папікнуць благім словам. Я думаю, што вы і самі выдатна гэта ведаеце і разумееце, бо мы ўсё адно цэлае, якое хто-небудзь хоча разарваць і нацкаваць".
14 жніўня Ціханоўская абвясціла пра стварэнне пераходнага ўрада — Каардынацыйнай рады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.