Святлана Калінкіна: Ствараецца вялікі Камітэт дзяржаўнай бяспекі

120511 KalinkinaS.mp3

Еўрарадыё: Як вы лічыце, чаму Анатоля Куляшова адправілі ў адстаўку?


Святлана Калінкіна: Насамрэч гэта чаканая падзея, бо Анатоль Куляшоў ужо шмат месяцаў хварэў. Кажуць, што ён сапраўды вельмі сур’ёзна хворы і апошнім часам абавязкі міністра фактычна не выконваў. Таму я думаю, што менавіта стан здароўя — гэта адна з галоўных прычынаў адстаўкі Анатоля Куляшова. А вось наконт таго, хто яго замяніў — на мой погляд, гэта сведчыць аб стварэнні ў Беларусі такога адзінага сілавога ведамства пад рознымі дахамі.


Еўрарадыё: Але з іншага боку — за апошнія месяцы некалькі яго намеснікаў страцілі свае пасады, на спадара Полудня нават заведзеная справа. Ці такім чынам расчышчалі поле пад адстаўку Куляшова? Ці не ўвайшлі Куляшоў і яго людзі ў няміласць да кіраўніцтва краіны? 


Святлана Калінкіна: Я думаю, што насамрэч гэта барацьба за ўплыў і за права даносіць апошнюю інфармацыю да Аляксандра Лукашэнкі. Сапраўды адбылася зачыстка ўсяго кіраўніцтва ведамства, Полудзень сядзіць у СІЗА і сядзіць сур’ёзна, наколькі я разумею, Пякарскі звольнены па кампраметуючых абставінах. На мой погляд, Куляшоў, калі б ён стараўся захаваць аблічча, сам павінен быў бы напісаць заяву аб сыходзе. Але ён гэтага не зрабіў, ён трымаў крэсла менавіта для Ігара Шуневіча. І гэта была яго апошняя місія, місія апошніх месяцаў. 


Еўрарадыё: Анатоль Куляшоў шмат для каго атаясамліваецца з падзеямі 19 снежня, брутальнымі рэпрэсіямі пасля выбараў. І ён сам на прэс-канферэнцыі ўзяў на сябе адказнасць за тыя падзеі. А чаго чакаць ад новага міністра?


Святлана Калінкіна: Я лічу, што лепшага нічога не будзе, таму што насамрэч мы ўсе разумеем, што Куляшоў прымаў удар на сябе. Але за ўсім гэтым стаяў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. І справы вёў КДБ, і людзі потым знаходзіліся менавіта ў ізалятары КДБ. Яны, што праўда, вырашылі паводзіцца як шэрыя кардыналы. І вось зараз на МУС вяртаецца адзін з гэтых шэрых кардыналаў, які ўзначальваў адно з вядучых упраўленняў КДБ, — Ігар Шуневіч. Таму па сутнасці ў нас ствараецца адно сілавое ведамства, такая ўнутраная паліцыя. Дарэчы, даўно ішла размова пра тое, што не трэба ў Беларусі раздзімаць вялікія штаты сілавікоў — праўда, хацелі скасаваць менавіта КДБ як структуру, якая пераважна займаецца “паліцэйшчынай”, сачэннем за ўласнымі грамадзянамі. Аднак адбылося наадварот — КДБ расстаўляе сваіх людзей на розныя пасады і фактычна ствараецца вялікі Камітэт дзяржаўнай бяспекі.  


Еўрарадыё: Ужо ў сувязі з адстаўкай Навумава ўзнікалі меркаванні пра змаганне ў сілавых ведамствах. Як, на вашую думку, пры новым міністры будзе размяркоўвацца баланс сілаў у праваахоўных структурах?


Святлана Калінкіна: На некаторы час гэта будзе адзіная каманда, якая проста займае розныя пасады. Але з цягам часу канфлікт абавязкова адбудзецца. Рашэнне ставіць паўсюль сваіх людзей мае і плюсы і мінусы, бо жаданне ўсё кантраляваць прыводзіць да таго, што крыніца інфармацыі застаецца толькі адна. Калі сілавыя ведамствы канкуруюць паміж сабой — гэта дае больш аб’ектыўную карціну, гэта іх стрымлівае ў іх дзеяннях. А сітуацыя, калі ёсць так званая група маладых ваўкоў і яны могуць рабіць што хочуць, бо паўсюль ужо пастаўленыя іх людзі, — гэта вельмі небяспечна як для грамадства, гэтак і для кіраўніцтва краіны.


Еўрарадыё: Службы, якія раней даносілі адна на адну, цяпер збіраюцца ў адзін кулак. З чым гэта можа быць звязана, на вашую думку?


Святлана Калінкіна: Я думаю, што гэта страх, гэта няправільна зразуметае паняцце сілы. Я думаю, што Аляксандр Лукашэнка робіць вялікую памылку, думаючы, што калі яго людзі кантралююць усе сілавыя ведамствы і гэта людзі з адной каманды — то гэта вельмі добра. Ён лічыць, што гэта будзе азначаць недапушчэнне канфліктаў паміж гэтымі службамі. З аднаго боку, гэта сапраўды так. Але з другога боку — гэтыя людзі паступова выходзяць з-пад кантролю і самі пачынаюць кантраляваць прэзідэнта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі