Святочныя кірмашы Мінска: глінтвейн, ёлкі і пустэча
У цэнтры сталіцы працуюць тры кірмашы: на Кастрычніцкай плошчы, каля гарадской ратушы і на пляцоўцы Палаца спорту. Усе яны падобны адна на адну толькі сваім фарматам, а выглядаюць зусім па-рознаму і адрозніваюцца нават коштам на глінтвейн. Еўрарадыё паглядзела, як можна стварыць сабе святочны настрой у цэнтры Мінска і ці прывабліваюць калядныя кірмашы мінчукоў і гасцей горада.
Кастрычніцкая плошча
У гэтым годзе ўлады змянілі амаль усё — ад выгляду ёлкі, якая цяпер “піксельная”, да шапікаў. Апошнія аб’ядналі ў сапраўдныя соты па тры шапікі ў кожным, правялі ацяпленне і абнеслі шклом. Зайсці за глінтвейнам, сасіскай, печывам ці сувенірам цяпер камфортна — унутры цёпла. Ды і самі прадавачкі больш давольныя, бо ім не прыходзіцца стаяць на марозе увесь дзень цягам тыдняў.
Выглядаюць гэтыя “соты” сучаснымі і святочнымі. Толькі выпіць ці з’есці што-небудзь гарачае ўнутры амаль немагчыма — вольнага месца замала. Свой адбітак накладае і той факт, што ўсе шапікі належаць дзяржаўным крамам і прадпрыемствам: калі вы разлічваеце на нейкія замежныя прысмакі ці фаст-фуд, то праходзьце далей. Затое глінтвейн з беларускага віна па 1,5 рубля за кубачак — прывабная прапанова!
Ратуша
Калі жадаеце падсілкавацца ежай ды напоямі ад вядомых мінскіх рэстаранаў ды бараў, вы прыйшлі у належнае месца. У працоўны дзень людзей тут зусім мала, большасць кропак з ежай ды напоямі не працуе. Але на выходных тут лёгка можа быць аншлаг. Хоць на гэтым кірмашы нават няма ёлкі, гэтую ролю часткова выконваюць светлавыя інсталяцыі і сама ратуша.
Каля ратушы будуць адбывацца і музычныя выступы — адмыслова для гэтага зрабілі сцэну ў выглядзе тэлевізара. Праўда, у працоўны дзень гэты самы “тэлевізар” завешаны, так што, заглянуць унутр можна будзе толькі на выхадных. Побач ёсць і некалькі больш звычайных інсталяцый, з якімі можна зрабіць святочныя здымкі.
Палац спорту
На пляцоўцы каля станцыі метро Няміга знаходзіцца ёлка, якая сапраўды вельмі адрозніваецца ад таго, што мы бачылі раней. Настолькі, што некаторыя замежныя выданні ледзь не ўпершыню вырашылі ўключыць яе ў свае калядныя спісы. Вакол ёлкі паставілі ўжо традыцыйныя шапікі для ежы і напояў, прычым, складаецца адчуванне, што дызайн і размяшчэнне не мяняецца ўжо шмат гадоў, а шкада. Бо замерзнуць на пляцоўцы ля Свіслачы, якую прадзімаюць усе вятры, — справа некалькіх хвілін.
Затое тут нават у працоўны дзень адчыненыя амаль усе шапікі. Гарбата, глінтвейн (ад 2,5 рубля), бліны, шаўрма і іншыя прысмакі тут ёсць. Але агулам, гэта бадай што адзіная пляцоўка, на якой за апошнія некалькі гадоў нічога не змянілася.