"Святы" Юрэвіч: пакаранне за дагаварнякі — помста ад міністра?
Анатоль Юрэвіч / vk.com/energetikbgu
Беларуская федэрацыя футбола на пяць гадоў дыскваліфікавала дзяржтрэнера, куратара "Энергетыка-БДУ" Анатоля Юрэвіча. Паводле афіцыйнай версіі — за дамоўныя матчы. Аднак гэта можа быць проста помстай Мінспорту або Федэрацыі футбола, сцвярджае экс-кіраўнік дэпартамента судзейства і інспектавання судзейства Андрэй Чэпа ў каментары Еўрарадыё.
— Думаю, што тут мела месца правакацыя. Канкрэтна пра Юрэвіча. У яго ёсць рэпутацыя, прычым вельмі салідная ў беларускім футболе. Гэта вельмі гучнае імя. Ён выхаваў многіх футбалістаў, і я не думаю, што ён пойдзе на гэта [удзел у дамоўных матчах — Еўрарадыё], — кажа Чэпа.
Навошта камусьці спатрэбілася яго правакаваць, можна толькі здагадвацца, адзначае суразмоўца.
— Я ведаю, што ён не выступаў супраць кіраўніцтва краіны, не выступаў супраць перамен. Але я ведаю, што яму нешта прапанавалі, у прыватнасці, пасаду старшыні Федэрацыі футбола. Ён ад яе адмовіўся і, як я разумею, як дзяржтрэнер выступіў з нейкімі прапановамі. Перад кім? Перад старшынём федэрацыі, перад міністрам спорту Кавальчуком — не ведаю. Але ведаю, што ён прапаноўваў нейкія рэформы ў беларускім футболе. І, як я разумею, іх не асабліва ўспрынялі.
Мне здаецца, яму адпомсцілі за нешта. Таму што так не бывае, каб ні галоўны трэнер каманды, ні асістэнты, ні футбалісты не былі пакараныя, а пакараны кіраўнік клуба. Атрымліваецца, ён адзін узяў грошы? Тут шмат нестыковак, — упэўнены Чэпа.
Напярэдадні ў беларускім футболе разгарэўся скандал. 11 траўня Федэрацыя футбола за дамоўныя матчы пазбавіла чэмпіёнства салігорскі "Шахцёр", срэбра забралі ў "Энергетыка-БДУ".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.