Сямашка распавёў пра тарыфы на электраэнергію пасля запуску Беларускай АЭС
Намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка распавёў пра тарыфы на электраэнергію пасля запуску Беларускай АЭС. Паводле яго слоў, урад будзе намагацца іх зніжаць для рэальнага сектару эканомікі (хаця б да 10 цэнтаў за 1кВт.г. замест цяперашніх 11 цэнтаў). Аднак многае будзе залежаць ад дамоўленасцяў з Расіяй па газавым пытанні, інфармуе БЕЛТА.
Сямашка нагадаў, што на сённяшні дзень насельніцтва нашай краіны кампенсуе каля 85% выдаткаў за спажываную электраэнергію. Стаіць задача, каб за два гады выйсці на поўную кампенсацыю. Праўда, гэта будзе адбывацца па меры росту заробкаў і пенсій беларусаў.
Што да цяпла, дык насельніцтва аплочвае 16,8% выдаткаў і задача аб поўнай кампенсацыі не ставіцца. "У шэсць разоў падняць кошты — хто вытрымае? — кажа намеснік прэм'ера. — Нават заможныя ці людзі з сярэднім дастаткам не могуць. Мы такую задачу і не ставім у бліжэйшы час".
Першы энергаблок Беларускай АЭС мусіць быць здадзены ў эксплуатацыю да канца 2019 года.