Сяргей Калякін: Давайце не будзем капацца ў гісторыі
Еўрарадыё паразмаўляла з лідарам партыі “Справядлівы свет” аб роспуску фракцыі Камуністычнай партыі ў Вярхоўнай Радзе Украіны.
Еўрарадыё: Як вы асабіста ставіцеся да рашэння Вярхоўнай Рады Украіны аб роспуску фракцыі Кампартыі і магчымай забароны гэтай партыі ва Украіне? Нагадаю, што камуністычныя практыкі забароненыя, як і фашысцкія, у некаторых еўрапейскіх краінах, скажам, у Польшчы.
Сяргей Калякін: Стаўлюся крайне адмоўна і хачу сказаць, што ў Польшчы няма забароны на камуністычную партыю. Я ведаю прэцэдэнты, калі спроба забароны камуністычнай сімволікі ў Венгрыі і той жа Польшчы атрымала адмоўную ацэнку Еўрапейскага суда па правах чалавека. Таму дзеянні Украіны абсалютна супярэчаць і законнасці, і паняццям дэмакратыі. Вырашыць палітычныя праблемы шляхам забароны немагчыма. Сёння Камуністычная партыя Украіны — палітычная сіла, за якой стаяць мільёны ўкраінцаў. І ініцыятарам, якія спрабуюць вырашыць палітычныя праблемы з дапамогай забароны, гэтае рашэнне нічога не прынясе. Больш за тое, я перакананы, што сённяшняе пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі яе настройвае супраць змен, якія адбываюцца ва Украіне. Рашэнне пазбавіць Кампартыю парламенцкай трыбуны прадыктаванае страхам, што жыхары Украіны могуць аддаць свае галасы камуністам. Я перакананы, што калі рашэнне суда па ліквідацыі Кампартыі Украіны будзе прынятае, яно будзе аспрэчанае ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Еўрапейскі суд прымусіць Украіну адмяніць гэтае рашэнне. Яго ініцыятары недальнабачныя, яны проста дададуць Кампартыі папулярнасці.
Еўрарадыё: Вы кажаце, што такое рашэнне прадыктаванае страхам, але згадзіцеся, роспуск фракцыі Кампартыі звязаны з тым, што яе лідары адкрыта падтрымліваюць сепаратыстаў на Данбасе.
Калякін: У вашым пытанні ўтрымліваецца ілжывы мэсідж, таму што Кампартыя не падтрымлівала ні незалежнасць Данбаса, ні анексію Крыма. І тое, што цяпер некаторых сябраў Кампартыі спрабуюць абвінаваціць, быццам яны выступаюць на баку апалчэнцаў на паўднёвым усходзе, — тое самае, што сказаць, нібыта ў шэрагах партыі "Свабода", якая першая выступіла за забарону Кампартыі, шмат людзей, што здзейснілі крымінальнае злачынства. На гэтай падставе тады трэба забараніць і партыю "Свабода".
Еўрарадыё: Удакладніце, калі ласка, якія злачынствы яны здзейснілі.
Калякін: Ды розныя. У шэрагах “Свабоды” і “Бацькаўшчыны” ёсць грамадзяне, якія здзяйсняюць крымінальныя правапарушэнні, але гэта не прыводзіць да забароны гэтых партый. Гэта агульнапрынятая практыка, калі партыя не адказвае за дзейнасць сваіх сябраў, а яны не адказваюць за абавязанні партыі.
Еўрарадыё: Вы кажаце, што Камуністычную партыю ва Украіне падтрымліваюць мільёны, але дэпутаты-камуністы ў Вярхоўную Раду прайшлі ў асноўным з выбарчых акругаў Крыма. Цяпер Крым акупаваны, і дзе ж тыя мільёны, што падтрымліваюць Кампартыю?
Калякін: Адказ на гэтыя пытанні мусяць даць выбарцы падчас найбліжэйшых парламенцкіх выбараў. А забарона партыі напярэдадні парламенцкіх выбараў гаворыць пра страх тых, хто цяпер мае большасць у парламенце, што падчас галасавання іх галасы могуць перайсці камуністам.
Еўрарадыё: Як бы вы ацанілі тое, што Кампартыя Украіны не асудзіла анексію Крыма?
Калякін: Гэта справа Кампартыі Украіны. Дарэчы, у іх на сайце вісіць фотаздымак Украіны, дзе напісана: “Украіна адзіная і непадзельная”. Я гэта ўспрымаю так, што яны не згодныя з анексіяй, а асудзілі яе ці не, я не асабліва за гэтым сачыў.
Еўрарадыё: Рашэнне Вярхоўнай Рады Украіны не першы выпадак, калі мы кажам пра постсавецкую прастору. Ёсць прыклады краін Прыбалтыкі. Ці не лічыце вы, што забарона кампартыяў на постсавецкай прасторы — непазбежная рэч у межах цывілізацыйнага развіцця?
Калякін: Гэта сведчыць пра тое, што гэтыя краіны і палітычныя лідары, якія прыйшлі да ўлады ў іх, не дараслі да нармальнай цывілізацыйнай краіны. Я не бачу ў краінах развітай дэмакратыі — ні ў ЗША, ні ў Брытаніі, ні ў Італіі, ні ў Францыі — спробаў забараніць кампартыі. Гэта спроба непаспяховых людзей, якія прайгралі некалькі дзесяцігоддзяў таму, звесці рахункі з кампартыяй.
Еўрарадыё: Можа, проста ЗША і Брытанія не мелі такога мінулага, скажам, Галадамору, падчас якога загінула 10 млн украінцаў?
Калякін: Яны маюць яшчэ горшую гісторыю: капіталізм у Англіі знішчыў мільёны людзей. А паляванне на ведзьмаў? А знішчэнне індзейцаў у ЗША? Гэта ж генацыд цэлага народа. Давайце не будзем капацца ў гісторыі, нічога добрага не знойдзеце ні ў адной краіне.
Еўрарадыё: Ці будзе вашая партыя “Справядлівы свет” пісаць камуністам Украіны нейкія лісты падтрымкі?
Калякін: Думаю, такая заява магчымая. Можа, не ліст падтрымкі, а ліст з асуджэннем тых, хто цяпер неправавым чынам спрабуе забараніць іншадумства і іншыя ідэалогіі ў сваёй краіне.
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма