Беларуская нафтаперапрацоўка на пачатку 2024-га прынесла велізарныя страты

Мазырскі НПЗ

Мазырскі НПЗ / mnpz.by

Беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы з флагманаў эканомікі ператвараюцца ў стратныя, заўважыў сайт "Флагшток", праналізаваўшы даныя Белстата.

29 красавіка ведамства абнародавала фінансавыя паказчыкі асобных раёнаў Беларусі па выніках першых двух месяцаў гэтага года.

За студзень-люты 2024-га чыстая страта прадпрыемстваў Мазырскага раёна склала 182,8 мільёна рублёў. Летась за такі ж перыяд быў атрыманы чысты прыбытак — 21,6 мільёна рублёў. "Флагшток" адзначае, што ўдзельная вага стратных арганізацый раёна складае толькі 14,3%. З гэтага вынікае, што велізарныя страты звязаныя хутчэй за ўсё з Мазырскім НПЗ.

Паводле інфармацыі крыніцы, звязанай з Мазырскім НПЗ, першыя месяцы 2024 года дзейнасць завода была стратнай. Работнікам прадпрыемства прыпынілі выплаты па калектыўнай дамове, бо яны выплачваліся з прыбытку прадпрыемства.

Пра складаную сітуацыю ў беларускай нафтаперапрацоўцы сведчыцьт і фінансавая статыстыка Наваполацка, дзе размешчаны завод "Нафтан". Тут чыстая страта склала 324,5 мільёна рублёў.

"Флагшток" звяртае ўвагу, што праблемы нафтаперапрацоўкі негатыўна ўплываюць на эканоміку ўсёй Гомельшчыны. У параўнанні з мінулым годам чысты прыбытак усіх арганізацый вобласці скараціўся амаль удвая — з 234,2 да 128,2 мільёнаў рублёўю. Экспарт тавараў за той жа перыяд знізіўся на 4,8%.

Летась Мазырскі НПЗ называўся ў ліку трох найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Гомельскай вобласці. Але з другога квартала 2021 года прадпрыемства не публікуе фінансавую інфармацыю аб сваёй дзейнасці. У 2020-м Мазырскі МПЗ быў самым прыбытковым прадпрыемствам сярод усіх акцыянерных таварыстваў Гомельшчыны.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі