Сяргей Жадан: Смерць Пуціна нічога не зменіць
Сяргей Жадан / Onet.pl
"Гэта не Пуцін стварыў цяперашнюю Расію. Гэта Расія стварыла Пуціна. Ён быў ёй патрэбны", — мяркуе ўкраінскі літаратар і музыка Сяргей Жадан. Падчас свайго апошняга прыезду ў Варшаву ён даў вялікае інтэрвію выданню Onet.pl.
"Нават калі ўявіць, што Пуцін заўтра памрэ, то "падсвядомы Пуцін" будзе далей кіраваць галовамі гэтых людзей", — кажа Жадан. Па яго словах, нянавісць да ўкраінцаў — у крыві ў расіян.
"Увесь гэты наратыў аб перавазе рускіх, аб іх праве на гэтую тэрыторыю [Украіны — рэд.] і гэтак далей — гэта тое, што там гаворыцца не толькі на палітычным узроўні. Гэты наратыў прысутнічае і ў рускай культуры, і ў гэтай класічнай культуры, у тым ліку і той, якой сёння прыпісваюцца гуманістычныя каштоўнасці.У значнай ступені канцэпцыя Расіі ў Пушкіна ці Дастаеўскага, як і ў многіх іншых рускіх пісьменнікаў, утрымлівае элементы такога наратыву. Булгакаў нават пісаў, што ўкраінскі праект — гэта нешта смешнае і карыкатурнае".
Сяргей Жадан лічыць, што пакуль Расія не пазбавіцца імперскага комплексу, не будзе міру "нікому з нас — ні літоўцам, ні латышам, ні беларусам, ні грузінам". Расійскае грамадства — гэта грамадства, якое прызвычаілася ненавідзець увесь свет, перакананы літаратар. Ён упэўнены, што на гэты момант дыялог Украіны з Расіяй немагчымы.
"Рускія дагэтуль лічаць Сталіна сваім героем, гэта дастаткова характарызуе гэтае грамадства. Я не магу сабе ўявіць, каб сёння Германія магла прызнаць Гітлера не тое каб першым, а адным з трох найважнейшых палітыкаў у сваёй гісторыі. А для многіх расіян аўтарытэт Сталіна да гэтага часу каласальны і недатыкальны", — прыводзіць прыклад літаратар. Жадан упэўнены, што напаўшы на Украіну, Расія запусціла самаразбуральны працэс, у свет стаіць ля дзвярэй з надпісам "Трэцяя сусветная вайна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.