Сёлета ў інтэрнаты заселяць толькі выдатнікаў?

Каб атрымаць месца ў інтэрнаце, студэнты некаторых факультэтаў БДУ павінны мець сярэдні бал 9,8! А ў іншых універсітэтах больш за палову навучэнцаў будуць шукаць сабе кватэры і пакоі. І гэта пры тым, што сёлета сітуацыя палепшылася. Калі ў мінулым годзе атрымаць месца ў інтэрнаце магла толькі палова з тых, каму яно было патрэбна, то сёння гэта — ажно 60%, расказаў Еўрарадыё дырэктар студэнцкага гарадка БДУ Міхаіл Чарапеннікаў:

“Сітуацыя лепш, чым у мінулым годзе. Мы забяспечваем месцамі 60% з тых, каму патрэбнае жыллё. І з вялікай радасцю глядзім у наступны год, таму што адразу два будынкі ўводзім у эксплуатацыю: адзін на 1200 месцаў і другі — на 1000. 60% — гэта ў сярэднім па ўніверсітэце, а першы курс — 2/3 ад тых, каму патрэбна, — будуць забяспечаныя”.

Мы патэлефанавалі на “гарачую лінію” БДУ, каб даведацца, хто мае большы шанец патрапіць у 60% шчасліўчыкаў. Пры адсутнасці спецыяльных ільготаў атрымаць месца ў інтэрнаце змогуць толькі выдатнікі.

Гарачая лінія БДУ: “У парадку агульнай чаргі першым пунктам ідуць студэнты, у якіх найбольш высокі сярэдні бал навучання. Для першага курса — гэта тыя, хто набраў найбольш высокую суму балаў.

У сярэднім бал для студэнтаў старэйшых курсаў дзесьці каля 9. На некаторых факультэтах — 9,8, на некаторых — 8,8. Па першым курсе ва ўсіх розная сітуацыя. Але ад 350 балаў селім практычна на ўсіх факультэтах за рэдкім выключэннем”.

Што ж рабіць тым, каму месца ў інтэрнаце не хопіць? На кампенсацыю, прадугледжаную заканадаўствам, разлічваць несур'ёзна. Студэнты, вымушаныя шукаць жыллё самі, атрымаюць ад дзяржавы ўсяго па 9 тысяч рублёў.

Міхаіл Чарапеннікаў: “Як і ў мінулыя гады, кампенсуецца ў адпаведнасці з пастановай Саўміна — 25% ад базавай велічыні” (8750 рублёў —Еўрарадыё).

Палепшылася сітуацыя і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Тут забяспечаць інтэрнатам 47% з тых, хто мае патрэбу, расказаў Еўрарадыё прарэктар па навучальнай працы БДУІР Аляксандр Хмыль:

“Раней мы засялялі 43-45% з тых, каму патрэбны інтэрнат. Цяпер будзе трошку лепей — можа быць, 47-48%.

Сёлета сітуацыя складваецца трошку лепей, чым летась, таму што мы ўводзім у эксплуатацыю новы інтэрнат на 240 месцаў павышанай камфортнасці. Студэнты, аспіранты, магістранты будуць жыць у пакоях гатэльнага тыпу. На блок, на 4 чалавекі, там будзе поўны сэрвіс: электрычная пліта, лядоўня, душ. І на кожным паверсе на 20 чалавек спецыяльны пакой з пральнымі машынамі”.

Не ўсе ВНУ могуць пахваліцца тым, што сітуацыя з месцамі ў інтэрнатах палепшылася. Так, дырэктар студгарадка БНТУ Анатоль Жук паскардзіўся, што іншагародніх студэнтаў сёлета дадалося:

“Ну, я не ведаю, дзе палепшылася, у нас пакуль сітуацыя не палепшылася. У мяне і інтэрнат на рамонце, і іншагародніх дадалося. Я не думаю, што яна дзесьці палепшылася”.

Як і ў мінулыя гады, універсітэты дапамагаюць шукаць жыллё тым студэнтам, каму не хапіла інтэрнатаў. ВНУ ствараюць базы кантактаў ахвотнікаў здаць пакой ці кватэру. У электроннай базе БДУ сёлета прапановаў больш, кажа дырэктар студэнцкага гарадка Міхаіл Чарапеннікаў:

“У нас створана база, сёлета радуе, што яна паболей, чым у мінулыя гады. Заходзіце на сайт, набіраеце прозвішча, нумар студэнцкага, вам паказваюць, што або вам выдзеленае месца ў інтэрнаце, або паказваюць пералік кватэр, якія можна арандаваць”.

Але нават калі студэнту знаходзяць жыллё, яго кошты часта шакуюць, кажа дырэктар студэнцкага гарадка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Валянцін Багдановіч:

"Што грэх хаваць — бывае, што прыязджаюць людзі са сваімі ўяўленнямі, і кошты жылля ў сталіцы іх проста шакуюць. Але, як правіла, знаходзяць сабе нейкія варыянты, бо дзявацца няма куды. Паверце, было б вельмі прыемна і дырэкцыі студгарадка, і адміністрацыі ўніверсітэта даваць жыллё ўсім жадаючым”.

Дарэчы, сітуацыя ў Медыцынскім універсітэце сёлета пагоршылася, і нашмат, працягвае Валянцін Багдановіч:

“У параўнанні з мінулым годам у нас сітуацыя пагоршылася, і пагоршылася істотна. Тлумачыцца гэта тым, што на працягу 3 гадоў ва ўніверсітэце набор перавышае выпуск. А сёлета на адным з факультэтаў у 1,5 раза паступіла больш студэнтаў, якія маюць ільготы па ўмовах пражывання ў забруджаных чарнобыльскіх тэрыторыях”.

Сітуацыя павінна змяніцца ў наступным годзе, кажа Валянцін Багдановіч. Калі пабудуюць новы інтэрнат у студэнцкай гарадку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі