Sziget: спачатку Placebo, а пасля рок, рок і яшчэ раз рок

Пад занавес Sziget зрабіў максімальна рокавую праграму на галоўнай сцэне, а на астатніх даў дабро артыстам вар'яцець як захочацца. Чытайце пра 3 і 4 дні фэсту.
Шчыра, калі б не было праграмкі фестывалю, прыгадаць што і ў які дзень адбывалася на Сігеце было б немагчыма. На гэтую праграмку працуюць некалькі мясцовых часопісаў, якія аддаюць увесь нумар спец-выпуску пра Sziget. На венгерскай мове гэта PestiEst, дзе падрабязна апісаныя ўсе каманды, сцэны, шатры, тэнты і намёты, дзе хоць што-небудзь адбываецца, і ў некалькіх варыянтах развёрстаныя выступленні: па днях, па сцэнах, па хэдлайнерах.



Англійскім, французскім і нямецкім спец-выпускамі займаецца часопіс TimeOut. Там усё больш сціпла, таму калі-нікалі прыходзілася разумець па-венгерску, каб дазнацца, хто грае не на галоўнай сцэне, а ў афрыканскай вёсцы, напрыклад.

Так у апошнія два дні Еўрарадыё дазналася пра дзіўны венгерска-нямецкі гурт Biodynamic trance project. Там гралі тры чалавекі, адзін на дзіджырыду, другі на варгане, а трэці бітбоксіў. У выніку атрымалася непаўторнае электроннае, вельмі грувавае гучанне.



На сцэне Magic Mirror, на якую нарэшце дайшлі а 23:00, змаглі акунуцца ў атмасферу травесці-шоў. Гадзінную праграму вяла Diva Tomasz з Германіі, якая прэзентавала сваіх сяброў-артыстаў, расказвала байкі, спявала, таньчыла і заігрывала з публікай: “Салодзенькі мой, чаго ты так на мяне глядзіш? Ты якія наркотыкі сёння ўжываў? Скажы, я такія ж прыму, каб мы былі ў аднолькавым стане”.

З артыстаў можна было пабачыць іншых трансвестытаў, кшталту “каралевы сэрцаў” Moira Finucane з Аўстраліі, якая крыўлялася, лопала чырвоныя шарыкі-сэрцы аб свае грудзі і зад, аблівала ўсіх малаком і крычала.



Пабачылі мы і танец амерыканскіх каўбоеў DC Cowboys Dance Company, якія з аголенымі торсамі скакалі па сцэне, быццам толькі зышлі з экрану, дзе паказвалі фільм “Гарбатая Гара”.



Сігетаўскія шавіністы называлі Magic Mirror трэш-сцэнай, але ўсё роўна таўкліся на ўваходзе ў шацёр, каб пабачыць шакіруючыя травесці-перфомансы.



Яшчэ, напрацягу ўсяго Сігета можна было паспрабаваць сябе ў графіці на сцяне пад назвай Arcadom Wall. Сцяна сімвалізавала Берлінскую, і нагодай было 20-годдзе падзення гэтай сцяны. Сігет паставіў сімвал адразу за галоўнай сцэнай і прапанаваў усім аматарам памаляваць балончыкамі і пакінуць свой след. Больш за 50 чалавек скарысталіся такой магчымасцю.



У месцы, якое называлася Сivil Sziget, можна было паўдзельнічаць у незлічонай колькасці сацыяльных праектаў, а таксама, нарэшце, абазначыць сябе на белай пляме мапы Еўропы.



А цяпер пра тое, што з лёгкасцю можна было ідэнтыфікаваць: артыстаў на галоўнай сцэне.

У 3 дзень фестывалю самым яркім выступленне былі Placebo. Браян Молка (Brain Molko) відавочна пастарэў, абведзеныя чорным алоўкам вочы ўжо выглядалі крыху “памята”, але знешні выгляд перабіваў унутраны энэргітычны драйв, якім Браян адорваў публіку — збольшага, канешне, маладых дзяўчат.



Дзяўчаты як мае быць падрыхтаваліся да канцэрту: прынеслі з сабой нават зэдлікі, каб лепш бачыць сваіх куміраў з натоўпу.





Маладую энергію ў Placebo прынёс новы бубнач — Стыў Форэст (Steve Forrest). 22-х гадовы хлопец так дакладна трымаў рытм і так натхёна віртуознічаў на бубнах, што засланяў сабой статычна спяваючага Браяна.



У апошні дзень фестывалю на галоўнай сцэне рок змяняўся супер-рокам і мега-рокам.

Cцэну распячаталі фіны Disco Ensemble, напалову панкі, напалову хардкоршчыкі, з вельмі чыстым і моцным гукам. Амаль пасля кожнай песні яны спынялі свае запілы, і сказаўшы некалькі словаў, прысвяціўшы песню таму ці гэтаму, працягвалі рубіць на гітарах і спяваць. Са сцэны ўвесь час валіў белы смог, мо таму, што канцэрт быў удзень, а 15:00, і лепшае афармленне прыдумаць было цяжка.



Пасля пачаў граць канадскі Данка Джонс (Danko Jones). Спадар Данка хвіліны 2 выгаворваўся наконт таго, што на Сігеце вельмі шмат стала “умц-умц-умц” (перакладаем: электроннай музыкі), і што “халера, вы рок слухаць сюды прышлі ці умц-умц? Вы ўначы лепш любоўю займіцеся, чым на танцулькі з “умц-умц” хадзіце. Так! Зараз я вам пакажу сапраўдны рок!” І так пасля кожнай песні, Данка заўсёды было што сказаць публіцы, больш нават, чым праспяваць.



Maximo Park вылецелі з напорыстым гукам, вакаліст у блакітным пінжаку, ну і пачалі энергічна і з надрывам спяваць песні з усіх сваіх альбомаў.



А пасля былі The Offspring і Faith No More, апошнія грымелі на ўвесь Сігет, а вакаліст Майк Патан (Mike Patton) еў шнуркі і апранаў на галаву майткі.



У гэты ж час на Party Arena гралі “старычкі” Coldcut. З жывой падтрымкай са скрыпак і віяланчэляў. І з асаблівай візуалізацыяй: гэтым разам Coldcut выступалі ў падтрымку кампаніі Energy Union, якая змагаецца за нашае навакольнае асяроддзе.



Відэа пад Coldcut было выключна пра электрастанцыі, нафту, рэактары, катаклізмы і ўсё ў такім духу. З аднаго боку складана было ўспрымаць такую інфармацыю на адпачынку, калі наадварот хочаш забыць пра ўсе такія праблемы, а з іншага, нават на адпачынку можна паўдзельнічаць у добрай справе па ўратаванню нашай зямлі.



Пасля сэту Coldcut папрасілі ўсіх ўзяць сабе паштовачку Energy Union і адправіць яе куды трэба, каб падтрымаць рух. Фанаты імгненна паштоўкі расхваталі, але збольшага для таго, каб атрымаць аўтограф ад Мэта Блэка (Matt Black), які спусціўся са сцэны каб павітаць шаноўную публіку.

Еўрарадыё таксама адхапіла аўтограф, толькі мы папрасілі падпісаць яго “для Беларусі”. Мэт, насамрэч, не асабліва ведаў што гэта за краіна, але пад дыктоўку напісаў усё правільна!

На сцэне А38 ноччу гралі яшчэ адны брытанцы Squarepusher. Гітара, барабаны і драм-машына выдавалі шызафрэнічны нойзавы драм-н-бэйс, што ўводзіла шмат каго ў ступар: “Тут жа дыджэй мусіў граць? Што гэта за хардкор валіць?”.



Але тыя, хто добра знаёмы з творчасцю Тома Джэнкінсана (Tom Jenkinson) нічога не пыталі і з тэнта не выходзілі ажно да апошніх гукаў.



Ад цяжкога року, нойзу, драм-н-бэйсу, не кажам ужо пра далбілава пад Paul Oakenfold на Party Arena натуральна захацелася збегчы ў любімы чыл-аут Ambiеnt Tent, але і там дыджэй Palotai учыніў гукавы тэрарызм. Ніякага эмбіэнту ў апошнюю ноч на Сігеце пачуць было нельга. Толькі танцы да раніцы, а там — па дамох, кожны ў сваю краіну.



Да сустрэчы на Sziget-2010!

Глядзі таксама:
Усе рэпартажы з Sziget 2009 
Рэпартажы з іншых фэстаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі