“Толькі адна гандлёвая палатка на рынку сёння працуе. Усе іншыя зачыніліся”
Большасць прадпрымальнікаў не працуе. Адны чакаюць першых праверак, іншыя — у чарзе на сертыфікацыю тавару. Амаль тыдзень, як беларускія іпэшнікі працуюць па правілах Указа 222. Павінны працаваць, але большасць з іх на рынкі не выйшла ні 2-га чысла, ні 5-га, ні 6-га. Прычым, калі ў Мінску на Жданах яшчэ можна нешта знайсці, то ў рэгіёнах зусім глуха.
“Выйшлі працаваць толькі тыя, хто сертыфікаты рабіў. Іншыя не працуюць. Што будзем рабіць, калі рынак закрыецца? Ну... Ёсць у нас універмаг. Але ён невялікі… Паглядзім”, — расказваюць Еўрарадыё ў адміністрацыі рынка гарадскога пасёлка Зэльва.
Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)
Тыдзень таму іпэшнікі расказвалі мне, што кардынальных перамен чакаць не варта. Праўда, у трэці дзень 2016 года амаль усе павільёны, размешчаныя пад адкрытым небам, закрытыя. Ці то мароз (мінус дваццаць, дарэчы), ці то сертыфікаты — адно з двух. Іду да пакрытага шэранем мужыка ля стойкі з шапкамі і пальчаткамі.
У першы тыдзень 2016-га года там на працу з прадпрымальнікаў выйшлі адзінкі. Іншыя пабралі адпачынкі альбо проста не прыязджаюць на свае гандлёвыя месцы. Падобная карціна на рынку ў Дзятлава. 6-га студзеня там працуе толькі адзін(!) чалавек:
“Толькі адна палатка сёння працуе, усе іншыя закрыліся. Людзі на заявах усе, у адпачынках. Таму няма на рынку нікога, пуста”.
Валерый мае кропку ў крытым павільёне на Ждановічах. А таксама ўсе неабходныя дакументы на свой тавар. Павільён ацеплены, пакупнікоў хапае, але на працу іпэшнік Валерый не ходзіць. Кажа, што вырашыў перачакаць першы месяц дома, прыгледзецца:
“Пайшоў на месяц у адпачынак. У мяне ёсць усе дакументы, зрабіў раней. Але вырашыў пачакаць, прыгледзецца. Ведаеце самі, як яно бывае — падатковая прыйдзе і заўсёды нешта нойдзе, заўсёды дадуць хоць невялікі, але штраф. Таму я пачакаю месяц, потым выйду на працу”.
У фірме “Сертыфікат.бай”, якая дапамагае прадпрымальнікам атрымаць усе неабходныя дакументы, Еўрарадыё расказваюць, што у апошні час заваленыя замовамі. Кіраўнік установы, Андрэй Шчарбакоў перакананы, што прадпрымальнікі самі зацягнулі справу да апошняга моманту, таму, цяпер не могуць выйсці на працу, нават калі хочуць:
“Ёсць тыя, хто зрабіў раней сертыфікаты, у іх цяпер праблем няма. А так, людзі тэлефануюць, пытаюцца, колькі каштуе пакет дакументаў аформіць і адразу кажуць, што далей можна не працягваць, кідаюць трубку”.
Пры гэтым палохае іпэшнікаў не толькі кошт (які можна раздзяліць на некалькі кропак, а пакет дакументаў дзейнічае ажно тры гады), але і час. Сертыфікацыйныя цэнтры празмерна загружаныя, таму, калі яшчэ восенню усе дакументы можна было зрабіць за 1-2 дні, то цяпер працэс зойме мінімум месяц. Таму раней лютага рынкі дакладна не будуць працаваць на поўную моц.