Топ-10 парушэнняў са скаргі Караткевіч на вынікі выбараў

Топ-10 парушэнняў са скаргі Караткевіч на вынікі выбараў

14 кастрычніка, у апошні магчымы дзень, экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч падала ў ЦВК скаргу. Яна просіць адмяніць вынікі выбараў (праўда, на станоўчы вынік не вельмі спадзяецца). Еўрарадыё атрымала тэкст дакумента і выбрала 10 найбольш яскравых выпадкаў.

 

1. Паштоўкі з выбарчым лозунгам Аляксандра Лукашэнкі, накладам 2,5 мільёна экземпляраў. Іх ў сваёй паштовай скрыні знайшла амаль кожная беларуская сям’я. У скарзе Караткевіч гаворыцца, што на паштоўцы “не былі пазначаныя выходныя дадзеныя, размяшчэнне якіх з'яўляецца абавязковым згодна з патрабаваннямі часткі 12 артыкула 45 Выбарчага кодэкса (назва і адрас арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка), якая вырабіла агітацыйныя друкаваныя матэрыялы, нумар пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі вытворцы друкаваных выданняў і дата яго выдачы, нумар заказа, прозвішча і ініцыялы заказчыка)”.

 

2. Свабода сходаў і сустрэчы з выбаршчыкамі. Паводле каманды Таццяны Караткевіч, “органы выканаўчай улады забаранялі правядзенне масавых мерапрыемстваў іншых палітычных сілаў, у шэрагу выпадкаў прыцягнуўшы іх прадстаўнікоў да адміністрацыйнай адказнасці”.

 

3. Прымушэнне да датэрміновага галасавання. У скарзе, якая аспрэчвае вынікі выбараў, гаворыцца, што “Падчас датэрміновага галасавання былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, а таксама выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу ў мэтах схілення асобаў, залежных ад дзяржаўнай улады (студэнты і навучэнцы навучальных установаў, супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў) да недобраахвотнага галасавання не ў дзень выбараў”. А факты прымусу да галасавання зафіксаваныя больш чым у 12 навучальных установах.

 

4. Парушэнні выбарчага заканадаўства і правоў назіральнікаў. Караткевіч спасылаецца на вынікі працы кампаніі “Права выбару”, якая зафіксавала (калі верыць) ажно 1154 інцыдэнты.

 

5. Неналежнае захоўванне скрынак для галасавання з 6 па 11 кастрычніка, калі праводзілася датэрміновае галасаванне. У скарзе Караткевіч гаворыцца, што яе штаб валодае інфармацыяй пра 700 такіх парушэнняў.

 

6. Завышэнне яўкі. Караткевіч зноў жа спасылаецца на “Права выбару”. Паводле яе інфармацыі, на 450 участках, дзе праводзілася назіранне, 11 кастрычніка прагаласавала 336 577 чалавек. Паводле афіцыйных звестак выбарчых камісій — 368 878 чалавек. Штаб экс-кандыдата заяўляе, што завышэнне яўкі складае больш чым 9%.

Прыводзяцца прыклады найбольш заўважных выпадкаў: “Па падліках назіральнікаў, найбольшае разыходжанне ў яўцы выбаршчыкаў у асноўны дзень галасавання выяўленая на наступных участках:

№ 2, Мазыр, Гомельская вобласць: па звестках назіральнікаў ― 280 чалавек, па афіцыйных звестках ― 584 чалавекі. Розніца складае 304 чалавекі, альбо 108%;

№ 51, Мікашэвічы, Брэсцкая вобласць: па звестках назіральнікаў ― 781 чалавек, па афіцыйных звестках ― 1148 чалавек. Розніца складае 367 чалавек, альбо 47%;

№ 16, Цэнтральны раён Мінска: па звестках назіральнікаў ― 633 чалавекі, па афіцыйных звестках ― 1223 чалавекі. Розніца складае 590 чалавек, альбо 93,2%”.

 

7. “Каруселі”. Скарга Краткевіч утрымлівае звесткі пра групы грамадзян, якія мэтанакіравана галасавалі некалькі разоў: “Адным з метадаў фальсіфікацыі выбараў, здзяйсненне якога было б немагчымым без саўдзелу членаў участковых выбарчых камісій, з'яўляецца масавае галасаванне адных і тых жа груп выбаршчыкаў на розных участках, паўторнае галасаванне выбаршчыкаў на адным і тым жа ўчастку”.

 

8. Вялікая колькасць тых, хто галасаваў у сябе дома. “На некаторых участках колькасць такіх выбаршчыкаў была анамальная. Так, на адным яна дасягнула 40,6% выбаршчыкаў, на чатырох участках было больш за 30%, але менш за 40%, на 18-ці ― больш за 20%, але менш за 30%. Практычна паўсюль былі адзначаныя выпадкі, калі ў спісы для галасавання па месцы знаходжання ўносіліся выбаршчыкі, якія не падавалі адпаведную заяўку, як таго патрабуе заканадаўства”, — гаворыцца ў скарзе.

Аўтары дакумента прыводзяць прыклады фантастычнасці сітуацыі: “Тое, што такая колькасць чалавек нават фізічна не можа прагаласаваць па месцы жыхарства, яскрава дэманструе прыклад такога галасавання, які быў зафіксаваны на ўчастку № 8 у горадзе Орша. Там, па дадзеных камісіі, яшчэ з самай раніцы выказалі жаданне прагаласаваць па месцы жыхарства каля 350 чалавек (дакладную лічбу кіраўнік выбарчай камісіі адмовілася падаць). У 10.00 выехалі 2 групы па 2 чалавекі з ліку членаў участковай выбарчай камісіі. Адна група ўзялася аб’язджаць 50 чалавек, другая ― 300. Узяць з сабой назіральнікаў група, якая мела намер аб’ехаць 300 чалавек, катэгарычна адмовілася, спаслаўшыся на адсутнасць свабодных месцаў у машыне. Вярнулася гэтая група ў 15.50. Такім чынам, 300 чалавек яны паспелі аб’ехаць за 4 гадзіны 50 хвілін. На аднаго чалавека камісія траціла 1 хвіліну 10 секунд. На гэтым жа ўчастку быў зафіксаваны выпадак, калі на датэрміновае галасаванне запісаўся памерлы ў верасні грамадзянін”.

 

9. Непразрысты падлік галасоў. Складальнікі скаргі на вынікі выбараў сцвярджаюць, што ў вялікай колькасці выпадкаў нават члены участковых выбарчых камісій не маглі ведаць сапраўдных вынікаў выбараў па ўчастку: “Камісіі пры падліку галасоў не працавалі як калегіяльны орган, як гэта павінна быць згодна з Выбарчым кодэксам: на практыцы бюлетэні не дэманстраваліся ўсім членам участковай выбарчай камісіі, звычайна кожны асобны член камісіі лічыў нейкую частку бюлетэняў, потым негалосна (шэптам, на паперцы) перадаваў звесткі старшыні камісіі, які таксама негалосна сумаваў дадзеныя і агучваў агульны вынік”.

 

10. Перашкоды ў назіранні. “На абсалютнай большасці ўчасткаў назіральнікі не мелі магчымасці паўнавартасна назіраць за падлікам галасоў. Выбарчыя камісіі чынілі перашкоды для назіральнікаў, што выявілася ў непрадастаўленні інфармацыі пра спісавую колькасць выбаршчыкаў на ўчастку, супрацьзаконнай адмове ў акрэдытацыі назіральнікаў, пазбаўленні назіральнікаў акрэдытацыі і іх выдаленні з участкаў… Агулам за час выбараў 36 назіральнікаў кампаніі "Права выбару-2015" былі пазбаўленыя акрэдытацыі і выдаленыя з участкаў, што складае 2,79 % ад агульнай колькасці назіральнікаў гэтай кампаніі”, — гаворыцца ў скарзе Караткевіч.

 

Да тэксту дакумента (які ўмясціўся ў 8 старонак), далучаныя тры дадаткі (агулам каля 200 старонак), дзе апісваюцца канкрэтныя выпадкі парушэнняў. Рэакцыя Цэнтрвыбаркама на дакумент стане вядомая ў пятніцу, 16 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі