“Трэнеры ў Беларусі лічаць, што павінны працаваць у Барселоне, а не ў Оршы”

“Трэнеры ў Беларусі лічаць, што павінны працаваць у Барселоне, а не ў Оршы”

Пасля стартавых гульняў адборачнага турніру да чэмпіянату свету па футболе 2018 года, у якіх Беларусь набрала ўсяго два ачкі, стала зразумела, што наша зборная не зможа выйсці са сваёй групы "А". Таму трэба сканцэнтравацца і паказваць прыгожы футбол, каб парадаваць балельшчыкаў. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказаў вядомы футбольны агент Валерый Ісаеў. На думку спецыяліста, у беларусаў ёсць праблемы з матывацыяй, акрамя таго, не мяняецца малюнак гульні, а праграма па развіцці футбола заблытаная і ставіць звышзадачы, якія выканаць немагчыма.

Падрабязней пра гэта ў вялікай размове з Валерыем Ісаевым:

Асноўныя цытаты:

 

— З пункту гледжання аматара, гульня Беларусь-Люксембург мне спадабалася. У гэтай гульні я, напэўна, больш перажываў за “Белыя крылы”, а не за вынік, таму што мне вельмі падабаецца гэтая ідэя. Я вельмі перажываў, што вынік матча можа негатыўна адбіцца на гэтым праекце.

— Для мяне у матчы нічога новага не было. Мы пакуль яшчэ мацнейшыя за Люксембург, але на пачатку больш спадабаліся госці, яны былі больш хуткія і тэхнічныя.

— Пасля дамашняй гульні з Францыяй і выязной з Галандыяй шчыра можам прызнацца, што мы непрахадныя ў гэтай падгрупе.

— Нацыянальная зборная — не месца для эксперыментаў. Няхай трэнер эксперыментуе ў сябе ў кабінеце, у сябе дома, праглядаючы матчы. Мы хочам бачыць лепшых футбалістаў у кожнай гульні і мы хочам бачыць цікавы футбол.

— Цяпер ужо зразумела, што мы не выйдзем з гэтай групы, дык пакажыце нам прыгожы футбол!

— Гэта нядобра, што трэнер даволі працяглы час знаходзіцца ў іншай краіне.

— “Крумкачы” паказалі, што можна матываваць, і з таго матэрыялу, які ёсць у краіне, можна рабіць якасны футбол.

— Цяжка матываваць футбалістаў, якія прыязджаюць з расійскага чэмпіянату. Людзі інакш усё успрымаюць, яны жывуць у іншым свеце. Таму можна было б іх не выклікаць, магчыма, тады ў іх з’явілася б дадатковая матывацыя. Катастрофы б не адбылося. Горш наша зборная ўжо не згуляе. Яна ўвесь час займае 5-6 месцы.

— Трэнер на 300% залежыць ад гульцоў. І многія трэнеры не лічаць патрэбным размаўляць з імі і разумець, што адбываецца ў іх жыцці. Думаю, што большасць трэнераў у Беларусі лічаць, што яны павінны ў Барселоне працаваць, а не ў Віцебску, Оршы або Гомелі.

— У мінулым годзе я ездзіў глядзець гульні маладзёжнай зборнай і размаўляў з трэнерам. Многія хлопцы, якіх ён першы раз вязе ў каманду, падыходзяць да шведскага стала і не ведаюць, як ім правільна карыстацца. Культура, агульнае развіццё, уменне камунікаваць паміж сабой — гэта складнікі матывацыі.

— Незалежна ад таго, якія ўмовы ў той або іншай краіне для развіцця футбола, усё адно матэрыял ёсць.

— Сёння вялікая розніца: футбол дзіцячы ў Мінску і ў рэгіёнах. У рэгіёнах апошнія сорак гадоў нічога не адбываецца, за выключэннем асобных прыкладаў, як у Пінску ці як закрыты праект у Паставах.

— Як толькі мы пачнём спачатку развіваць масавы футбол, а пасля прафесійны, тады будзе вынік. На сённяшні дзень няма бясплатных пляцовак для футбола. Усе штучныя пляцоўкі платныя.

— Штучнае пакрыццё бясплатна даецца Міжнароднай федэрацыяй пры ўмове, што не бярэцца арэнда. Калі ж у Беларусі кладуць гэтыя палі, то за ўсё бяруць грошы, прычым, грошы бяруць з дзяржаўных дзіцячых школ.

— Апошнія дваццаць гадоў нам ставяць задачы, нібыта мы на нейкай вайне, што мы павінны выйграць тое, чаго мы і блізка ніколі не выйграем.

— Праграма па развіцці футбола павінна быць простай: за два гады ў кожным горадзе неабходна здаць два натуральныя палі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі