"Троіца" запіша новы альбом з дапамогай прыхільнікаў
У новым годзе этна-трыа "Троіца" запіша новы альбом. Краўдфандынгавая кампанія па зборы сродкаў на запіс і выхад дыска стартуе адразу пасля Новага года.
"Пошук грошай паказвае, што мы не збяром суму ў 15 тысяч долараў, патрэбную для запісу альбома на варшаўскай студыі, — распавядае лідар гурта Іван Кірчук. — Мы абышлі мінскія студыі, і відаць, на пачатку года пачнём, як знакамітыя гурты і нават, як Саладуха, жабраваць і збіраць на запіс праз краўдфандынг".
Нагадаем, папярэдняя кружэлка гурта "Зімачка" была запісаная тры гады таму на варшаўскай TR Studios. Яе ўладальнік Томаш Рагула ў свой час намінаваўся на "Грэмі".
Па словах Кірчука, новую кружэлку складуць кампазіцыі сюітнага тыпу, якія перацякаюць адна ў другую.
16 снежня "Троіца" дасць вялікі зімовы канцэрт у сталічным Тэатры эстрады. Квіткі: 25-35 рублёў.