Trubetskoy: Мы спрабуем пісаць як мага больш (фота)

У Брэст прыехаў Trubetskoy. Гурт Паўла Булатнікава ўпершыню выступіў у горадзе над Бугам.

Сольны канцэрт з аншлагам адбыўся 13 сакавіка ў мясцовым клубе CITY. Публіка "на ура" вітала як старыя хіты "Ляпіса", так і песні самастойнай творчай адзінкі Trubetskoy. Прагучалі і зусім свежыя творы з беларускамоўнага сінглу "Прывітанне ўсім наогул": песні "Горад" і "Я бальны бескрыдлаты паэт" на верш Максіма Багдановіча.

Trubetskoy выканаў усе песні ўласнага аўтарства, якія музыкі паспелі прэзэнтаваць за паўгода існавання гурта.

Булатнікаў: "Мы спрабуем пісаць як мага больш. Спадзяемся, што ў бліжэйшы час заменім асноўную праграму".

Нагадаем, што раней гурт Trubetskoy заяўляў, што збіраецца адмовіцца да выканання песень "Ляпіса Трубяцкога", як толькі адыграе ўсе ўжо анансаваныя канцэрты.

Прычынай гэтага стала паведамленне Сяргея Міхалка, у якім музыка кажа наступнае: "Лічу гурт “Трубецкой” незаконнымі сепаратыстамі і рэйдэрамі, якія захапілі спадчыну Вялікага гурта “Ляпіс Трубяцкой”!!! Лічу, што яны не мусяць выконваць песні, якія склаў Я (Міхалок Сяргей Уладзіміравіч)! Няхай возьмуць новую назву і спяваюць свае песні!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі