У 83 раёнах Беларусі забаронена наведваць лясы
Забарона на наведванне лясоў дзейнічае ў 83 раёнах краіны, паведамляе прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі.
За апошнія дні забарона была знятыя ў некаторых раёнах Гомельскай і Гродзенскай абласцей. Але небяспека пажару захоўваецца на большасці тэрыторый. За апошнія суткі ў беларускіх лясах адбылося сем выпадкаў узгаранняў. Агулам ад пачатку сезона зафіксавана 312 лясных пажараў.
Рашэнні пра забарону наведвання лясоў і адмену абмежавання прымаюць мясцовыя распарадчыя і выканаўчыя органы.
Даведацца актуальную інфармацыю пра забарону або яе адсутнасць можна на інтэрактыўнай мапе Мінлясгасу.
Падчас дзеяння забароны грамадзянам не дазваляецца знаходзіцца ў лесе нават для шпацыру ці адпачынку на прыродзе, забараняецца і ўезд транспарту (за выключэннем службовага). Парушальнікаў чакае штраф — да 612,5 рубля (25 базавых велічыняў).