Бяспечны збор грыбоў у Беларусі: галоўныя парады ад эколагаў
Правілы збору грыбоў і праверка на радыяцыю.
Інструкцыю па бяспечным зборы грыбоў і ягад у Беларусі склала ініцыятыва “Зялёны тэлефон”. Еўрарадыё дзеліцца галоўным.
Куды ісці ў грыбы?
Важна ведаць, дзе ціхае паляванне ўсё ж непажаданае — з меркаванняў бяспекі ці ў сувязі з абмежаваннямі.
У Беларусі не рэкамендуецца збіраць грыбы ў населеных пунктах, месцах масавага адпачынку, курортных зонах і на тэрыторыі санаторыяў.
Пад забаронай таксама рэкрэацыйна-аздараўленчыя лясы, участкі вакол гістарычна-культурных каштоўнасцяў, дэндралагічныя паркі, батанічныя сады і ахоўныя тэрыторыі, дзе жывуць рэдкія жывёлы і расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу.
Усе астатнія лясныя зоны, свабодныя для наведвання, падыходзяць для збору грыбоў і ягад.
Зразаць ці вырываць?
Эколагі рэкамендуюць зразаць грыбы ля асновы, каб не пашкодзіць грыбніцу. Гэта важна і для саміх грыбнікоў: без грыбніцы не будзе наступнага ўраджаю.
Калі пад рукой няма нажа ці зрэзаць ножку складана, грыб можна акуратна выкруціць.
Пры гэтым нельга разрываць лясны подсціл ці збіваць неядомыя грыбы. Калі памыліліся і ўзялі не той грыб або зрэзалі чарвівы, проста пакіньце яго на месцы.
Не варта захапляцца зборам зусім маленькіх грыбоў з капялюшыкам менш за 1,5 см. Можна ўзяць парачку такіх, але не больш.
Як паводзіць сябе ў лесе?
З павагай да прыроды! У лесе няма камер, і ніхто не зловіць вас за руку, таму важная ўласная свядомасць і адказнасць.
Пасля вашага сыходу ў лесе не мусіць заставацца нічога лішняга: ні смецця, ні пустых бутэлек.
Як праверыць на радыяцыю?
Некаторыя лясы Беларусі ўсё яшчэ застаюцца забруджанымі радыенуклідамі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак нават на адносна чыстых тэрыторыях грыбы могуць утрымліваць радыеактыўны цэзій-137 або стронцый-90.
Калі ў вас ёсць сумневы, сабраны ўраджай можна праверыць на радыяцыю. Такія праверкі праводзяць у раённых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, лабараторыях на рынках і на ветэрынарных станцыях.
З гэтай самай прычыне лепш пазбягаць куплі грыбоў і ягад "з рук" — на стыхійных рынках і ўздоўж дарог. У такіх выпадках немагчыма дакладна даведацца, дзе збіралі прадукты, а радыяцыйны кантроль звычайна не праводзіцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.