У Аб'яднанага пераходнага кабінета з'явілася юрыдычная асоба, фонд ачоліў Азараў
Аляксандр Азараў / Еўрарадыё
У Польшчы зарэгістраваны новы фонд, прэзідэнтам праўлення якога пазначаны прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў. Ён называецца "Zjednoczony Gabinet Tymczasowy Białorusi". Так што Аб'яднаны пераходны кабінет — гэта цяпер не толькі і не проста АПК, але і дабрачынны фонд.
"У жніўні [2022-га] стварыўся Аб'яднаны пераходны кабінет. Натуральна, для яго працы патрэбная юрыдычная асоба. Але са жніўня мы яе ніяк не маглі зарэгістраваць, — кажа ў каментары Еўрарадыё Азараў. — Цяпер АПК вырашыў даручыць гэта мне, бо я раней ужо гэтым займаўся, ёсць досвед. Але гэта не значыць, што я тут нешта захапіў. У склад праўлення будуць уваходзіць усе сябры кабінета".
Сябры АПК на сённяшні дзень жывуць у розных краінах. "[Валерый] Сахашчык увогуле ўвесь час ездзіць паміж Польшчай і Украінай, — працягвае тлумачыць Аляксандр Азараў. — Але я сабраў усе подпісы — ад кожнага сябра кабінета. Сёння сустракаюся з юрыстам, і мы гэтыя дакументы па пошце дашлем у суд, каб унеслі прозвішчы іншых фундатараў у статут".
Як вядома, кіраўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі з'яўляецца Святлана Ціханоўская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.